Лукашэнка: Не дай бог атрымаць нешта блізкае да Кемерава


На нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму супрацьпажарнай бяспекі. Паводле яго, у гэтым пытанні сітуацыя складваецца не лепшым чынам – з пачатку года адбылося больш за 160 пажараў у розных арганізацыях і ўстановах краіны.

«Я ўжо не кажу пра жылы фонд, дзе колькасць пажараў набліжаецца да ўзроўню 1,6 тыс. Не дай бог атрымаць нешта блізкае да Кемерава. Маё патрабаванне вы ведаеце, паўтару яшчэ раз: праверыць усе аб’екты і ліквідаваць усе наяўныя парушэнні, прытым самым жорсткім чынам, – запатрабаваў ён. – Два міністра (невядома, каго меў на ўвазе Лукашэнка – заўв. belsat.eu) няхай даложаць, як яны страсянулі краіну, каб мы не спачывалі на лаўрах ці не самазаспакоіліся».

Лукашэнка таксама даручыў завяршыць будаўніцтва новага моста праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне да 7 лістапада.

«Папярэджваю: усе работы павінны быць закончаны сёлета. Ніякіх работ на 2019 г. Прывыклі мы так, па-беларуску: мы мост зробім сёлета да 7 лістапада, а ў будучым годзе ўсё астатняе. Вы ведаеце, як атрымліваецца. Перанеслі на будучы год – і забыліся. Таму ў гэтым годзе да 7 лістапада мост урачыста адкрываем, а да канца года ўся рэкультывацыя, усё павінна быць прыведзена ў парадак. Колькі трэба туды людзей, столькі і накіроўвайце», – заявіў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў