Лукашэнка назваў Ціханоўскага «шалудзівым», а пра Цапкалу сказаў, што ёсць на яго кампрамат


Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання МТЗ распавёў пра сваё стаўленне да патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах, паведамляе прэсавая служба кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што кепска ведае прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцтва, акрамя Валерыя Цапкалы. Свае заявы кіраўнік краіны агучыў падчас наведвання МТЗ у Менску.

«Ён, праўда, хітруе. Не кажа, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце – чаму я яго звольніў. Хай шчыра раскажа. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба – скажам, але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», – сказаў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, што не прапаноўваў Бабарыку пасаду прэм’ера
2020.05.29 16:01

На Сяргея Ціханоўскага кіраўнік краіны абрынуўся з крытыкай. Лукашэнка распавёў пра інтэрв’ю блогера ў расейскім выданні «Коммерсант».

«Гэта накшталт незалежная газета ў Расеі. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрвʼю бярэ ў аднаго шалудзівага, інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Менску больш, дый у іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх машынах ён ездзіць, хто яго фінансуе. Гляджу на гэты артыкул, і ўжо вушы тырчаць у гэтага чалавека. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі», – заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік краіны заявіў, што жанчыны прэтэндэнткі больш сабралі подпісаў, чым мужчыны. Але, на думку Лукашэнкі, у жанчынаў няма шанцаў на абранне прэзідэнтам.

«У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадства не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас паводле Канстытуцыі прэзідэнт валодае моцнай уладай. У нас не Літва. Там прэзідэнтам была Даля Грыбаўскайтэ, прыйшла, паўсміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парламенцкая рэспубліка. У нас – не. Прэзідэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», – заявіў Лукашэнка.

СК belsat.eu

Стужка навінаў