Лукашэнка назваў тэрміны правядзення «Усебеларускага народнага сходу»


«Усебеларускі народны сход» пройдзе 11-12 лютага. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе па яго падрыхтоўцы. Дагэтуль ён прапанаваў зрабіць УНС канстытуцыйным органам.

Раней, 8 снежня, на сустрэчы з працаўнікамі Стаўбцоўскай лякарні Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць падняць і зафіксаваць статус «Усебеларускага народнага сходу» у новай Канстытуцыі:

«Калі мы здымаем пэўныя абавязкі з прэзідэнта, іх жа трэба кудысьці перадаваць. Ураду і парламенту гэтыя паўнамоцтвы не падыходзяць. Куды іх перасоўваць? Трэба шукаць такі орган. А ў нас ёсць усебеларускі народны сход. Таму пэўныя паўнамоцтвы давядзецца перадаць. Калі размыць паўнамоцтвы прэзідэнта, будзе поўны бардак, які мы ў сярэдзіне 90-х перажылі. Таму патрэбны орган, які б усіх стабілізаваў… Я прыхільнік таго, каб усё вырашалі вы. Народ павінен вырашаць», – сказаў Лукашэнка.

Абіраць дэлегатаў «усебеларускага народнага сходу» ён прапанаваў на пяцігадовы тэрмін. Працаваць яны будуць на грамадскіх пачатках.

Вельмі крытычна на гэты конт выказаўся палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

«Каб зразумець усю абсурднасць прапановы, варта ўзгадаць, што УНС — не выбарны, а цалкам прызначаны орган. Ягоная дзейнасць, як і спосаб абрання, не рэгулююцца ніякімі законамі. Няма такой працэдуры. Калі Палата прадстаўнікоў ці мясцовыя саветы фармуюцца праз выбары і на падставе Выбарчага кодэксу (прынамсі фармальна), то ў выпадку з УНС няма і гэтага. Удзельнікаў сходу фактычна прызначае мясцовая выканаўчая вертыкаль. На УНС прысутнічаюць не прадстаўнікі народу, а выключна прыхільнікі Лукашэнкі. УНС — імітацыя народнага прадстаўніцтва.»

«Увогуле, як можа орган, які складаецца з 2,5 тысяч чалавек і збіраецца раз на пяць гадоў на 1-2 дні, выконваць функцыі прэзідэнта? Гэта нейкі абсурд у квадраце», — сказаў Карбалевіч.

Hавiны
Канапацкая возьме ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе
2020.12.12 20:05

АД belsat.eu

 

Стужка навінаў