Лукашэнка настроены ісці да канца ў барацьбе з каронавірусам


Беларусь сутыкнулася з першымі смяротнымі выпадкамі, выкліканымі каронавірусам. Аднак Аляксандр Лукашэнка працягвае бравіраваць імунітэтам да COVID-19, а Міністэрства аховы здароўя публікуе блытаныя дадзеныя аб колькасці заражаных і памерлых. За каго ўлады трымаюць беларусаў, і чаму рэжым імкнецца абмежаваць інфармаванне людзей?

Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на першую смерць ад каронавірусу ў краіне выклікала шок. Памёр заслужаны артыст Беларусі, акцёр драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску Віктар Дашкевіч.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«А ён, небарака, не вытрымаў. Ну мы ж прасілі (яму заўтра 80 гадоў будзе)… Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш?»

У гэтай рэакцыі ўражвае яшчэ і тое, што Дашкевічу было 75 гадоў, ён на 10 гадоў быў старэйшым за самога Лукашэнку. Аднак такога роду звароты не новыя для кіраўніка Беларусі.

Каментуе філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Гэта чалавек вельмі нізкай культуры. І ў гэтым сэнсе яго рэакцыі вызначаюцца гэтым узроўнем культуры, які ў яго ёсць».

Смерць Дашкевіча моцна падрывае канцэпцыю і ідэалогію Лукашэнкі, таму ён не мог стрымаць агрэсіўнага непаважлівага стаўлення да смерці чалавека, якая падрывае асновы сённяшняй палітыкі.

Органы ўлады імкнуцца схаваць інфармацыю аб маштабах заражэння каронавірусам у Беларусі. Міністэрства аховы здароўя публікуе звесткі аб распаўсюдзе эпідэміі ў заблытанай форме, з якой складана нават зразумець колькасць заражаных. А на супрацоўнікаў медустаноў або чыноўнікаў, якія прадастаўляюць інфармацыю СМІ, аказваецца ціск.

ВИДЕО
Лукашенко будет держаться до последнего белоруса. Соседи отправят нас на карантин?
2020.04.04 09:10

Гаворыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Крыніцы інфармацыі будуць спыняцца. Напрыклад, Віцебская лекарка, якая выступіла з такой інфармацыяй, ужо выкліканая ў пракуратуру даваць тлумачэнні. Я думаю, што ўлада будзе максімальна ціснуць на тых людзей, якія ёй падкантрольныя. Усе, хто працуе ў сістэме Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі – яны ўсе ў нейкай ступені дзяржаўныя людзі».

Аднак пры наяўнасці Telegram такія ўцечкі інфармацыі будуць адбывацца. Асабліва з улікам таго, што на коне стаяць канкрэтныя чалавечыя жыцці і бяздзейнасць можа абярнуцца сур’ёзнымі наступствамі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«У нас жа такі недавер уладзе! Маўляў улада нас падманвае. Ну слухайце, мне навошта кагосьці падманваць? Я што, гэты вірус стварыў, каб нешта тут схаваць і людзям не паказваць? Я ж яго не ствараў».

Кіраўнік Беларусі дэманструе як браваду, так і грэбаванне мінімальнымі правіламі бяспекі не толькі для сябе, але і для мільёнаў суграмадзян. Так, калі на мінулым тыдні Лукашэнка ў якасці лекаў ад каронавірусу прапаноўваў трактар, гарэлку і лазню, то можна было не сумнявацца, што дойдзе і да хакея. І на самай справе, Лукашэнка згуляў на аматарскім турніры, які ў добраахвотна-прымусовым парадку наведалі сотні чалавек.

Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістцы АНТ на хакейнай арэне:

«Тут няма ніякіх вірусаў. Ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? Я таксама не бачу! Гэта халадзільнік, самае лепшае здароўе».

Мабыць, Лукашэнка настроены ісці да канца ў барацьбе з каранавірусам. У адказ на пытанне аб боязі захворвання ён нават працытаваў іспанскую рэвалюцыянерку Далорэс Ібаруры, заявіўшы, што лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях.

«Гэта выглядае камічна. Смешна, камічна і выглядае так, як быццам ўлада ў чарговы раз вырашыла патапіць свой народ, свой жа карабель. Не надаючы значэння сур’ёзнасці праблемы, а паказваючы нейкую буфанаду», – працягвае Барыс Гарэцкі.

ВИДЕО
Лукашенко, Зеленский, Путин и Трамп. Кто больше боится коронавируса?
2020.03.29 09:05

У той жа час, дзеянні кіраўніка Беларусі не толькі эпатажныя. Так, у пачатку тыдня з’явілася інфармацыя аб перамовах Беларусі з Міжнародным валютным фондам аб выдзяленні хуткага крэдыту ў памеры каля 900 мільёнаў долараў для барацьбы з наступствамі каронавірусу. Асабліва іранічна гэта глядзіцца на фоне асабістай адмовы Лукашэнкі ад супрацоўніцтва з МВФ восенню 2018 года з-за непрымальнасці ўмоў – маўляў, гэта будзе «шокам для народа». Цяпер шок можа быць выкліканы іншымі прычынамі.

Уладзімір Мацкевіч:

«Ён часта становіцца закладнікам сваёй рыторыкі. Ён не можа прызнаць, што ён не мае рацыі. І адсюль гэта зацятасць нават тады, калі эмпірычная рэальнасць супярэчыць і паказвае няправільнасць яго дзеянняў».

І такі падыход працягваецца. Пакуль беларусы параўноўваюць сітуацыю з Чарнобылем, калі савецкая наменклатура да апошняга замоўчвала трагедыю, улады рыхтуюцца да правядзення парада ў гонар 75-годдзя перамогі над Германіяй. Застаецца толькі спадзявацца, што з цяперашнімі тэмпамі распаўсюджвання каронавірусу парад на 9 траўня не ператворыцца ў атаку мерцвякоў.

Фота на прэв’ю: Mikhail Klimentyev/Reuters/Forum

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 03.04.2020

Іншыя тэмы праграмы:

Стужка навінаў