Лукашэнка: Нам патрэбная дапамога ад ЗША


Новы амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка плануе адбыць у Вашынгтон ужо ў жніўні. Пра гэта піша БелТА.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адзначыў, што для развіцця двухбаковых стасункаў з ЗША ўжо закладзеная добрая аснова, беларускага амбасадара там ведаюць і даўно чакаюць. «Часовая павераная (часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур. – заўв. БелТА) нават папрасіла: чым хутчэй ён будзе, тым лепш. Мы плануем, што ў жніўні ён з’едзе туды», – сказаў міністр.

«У Амерыцы прыйдзецца пачынаць усё спачатку. Справіцца?» – спытаў Лукашэнка.

Паводле Макея, у Алега Краўчанкі, які будзе працаваць у Вашынгтоне, вялікае кола сувязяў у розных дзяржаўных органах ЗША, гэта стане для яго дапамогай у працы.

«Вельмі шмат будзе залежаць ад тваёй працы. Гэта мы яшчэ дэталёва потым абмяркуем, праз міністра я перадам некаторыя рэчы. Нам патрэбныя будуць падтрымка і дапамога ад Злучаных Штатаў Амерыкі, асабліва ў гэты перыяд у фінансавай сферы ў сувязі з каронавірусам, – заявіў Лукашэнка. – Там у нас нядрэнныя перспектывы».

Hавiны
Першы за 12 год. Лукашэнка прызначыў амбасадара ў ЗША
2020.07.20 14:50

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў