Лукашэнка надаў званне генерал-маёра вайскоўцу, які называў акупаваны Крым «нашым»


Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў указы аб наданні воінскіх, персанальных і спецыяльных званняў, а таксама класнага чыну, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Чарговае воінскае званне генерал-маёра атрымалі палкоўнікі Уладзімір Кулажын і Руслан Касыгін.

Руслан Касыгін з 2016 года займае пасаду начальніка штабу-першага намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Да таго ён працяглы час быў начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сілаў. Касыгін нарадзіўся ў Крыме і пасля анексіі Расеяй паўвыспы працягнуў туды ездзіць, чым прыцягнуў увагу расследавальнікаў з суполкі InformNapalm. Высветлілася, што на сваёй старонцы ў сацсетках Касыгін размяшчаў допісы кшталту «Крым у нашых руках», крытычна выказваўся пра Украіну.

Руслан Касыгін пра Крым, фота зроблена ў жніўні 2015 года падчас камандзіроўкі ў Санкт-Пецярбург

Пры гэтым аўтары расследавання звярталі ўвагу на тое, што высокапастаўлены афіцэр часта ездзіў у Расею, у штаб Заходняй вайсковай акругі.

Уладзімір Кулажын – намеснік камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. Гэтую пасаду ён займае з траўня 2016 года. Удзельнічаў у арганізацыі і падрыхтоўцы камандна-штабных вучэнняў на Лепельскім палігоне ў верасні 2016-га, у рамках якіх адпрацоўвалася супрацьстаянне беларускага войска незаконным узброеным фармаванням. Раней Кулажын быў камандзірам у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе. Сваю кар’еру ён пачынаў у той жа 120-й у якасці старэйшага памочніка начальніка аддзялення ідэалагічнай працы.

Таксама сёння Лукашэнка надаў персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу намесніку старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь Мікалаю Свірыду, а таксама начальніку Берасцейскай мытні Аляксандру Піхуну. Акрамя таго, пракурору Гарадзенскай вобласці Віктару Корзуну прысвоены класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа.

Спецыяльнае званне генерал-маёра міліцыі нададзена палкоўніку міліцыі Максіму Міронаву. Міронаў з 2017 года ўзначальвае Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС, раней быў начальнікам упраўлення ўласнай бяспекі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў