Лукашэнка на сустрэчы з Аліевым: з 1643 па 1768 год мы «мелі добрыя адносіны», але гэта недакладна


Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка ў менскім Палацы Незалежнасці

19 лістапада ў менскім Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка прымаў кіраўніка Азербайджану Ільхама Аліева.

Падчас адкрытай для прэсы сустрэчы Лукашэнка звярнуў увагу на супольную гісторыю Беларусі і Азербайджану.

«Мы жылі ў адной дзяржаве. Мы з вамі вельмі блізкія людзі. Карані нашыя ў савецкім перыядзе. Магчыма, што 10-15 пакаленняў таму нашыя і вашыя суайчыннікі мелі добрыя адносіны», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Прынята лічыць, што адно пакаленне складае 25 гадоў. 10-15 пакаленняў гэта прыкладна 250-375 гадоў. Адпаведна, гаворка ідзе пра перыяд 1643-1768 гг.

У гэты час прынамсі частка тэрыторыі сучаснага Азербайджану знаходзілася ў складзе Дзяржавы Сефевідаў. У выніку войнаў Асманскай імперыі, Сефевідаў і Расейскай імперыі ў Баку некалькі разоў мяняюцца гаспадары. Пасля 1747 г. на тэрыторыі сучаснага Азербайджану, Арменіі і Ірану (Іранскі Азербайджан) узнікае некалькі ханстваў, якімі кіруюць цюркскія дынастыі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў гэты перыяд адбываюцца дзве крывавыя вайны: з Расеяй (1654-1667) і Паўночная вайна (1700-1721) са Швецыяй. Вынікам гэтых войнаў стане заняпад у Рэчы Паспалітай і ўключэнне яе ў склад Расейскай імперыі.

Паводле прэс-службы кіраўніка Беларусі, Лукашэнка і Аліеў паразмаўляюць і ў фармаце «сам-насам».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары