Лукашэнка пра ЖКГ: тарыфы павышаць толькі з яго дазволу, спагнаць запазычанасці юрыдычных асобаў, палепшыць якасць пітной вады


Сёння кіраўнік краіны бярэ ўдзел у рэспубліканскай нарадзе па ўдасканаленню і развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі.

Жыроўкі вырастуць дакладна на $5 з 2018-га году, а далей – толькі з дазволу Лукашэнкі

«Стаўлю загад для ўсіх: з 2018 году праводзім адначаснае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і надалей ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад’ёмнымі для народу», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка забараніў пужаць насельніцтва размовамі пра новыя падвышэнне тарыфаў, а таксама пра хуткае ўвядзенне стоадсоткавай платы за камунальныя паслугі.

«Міністэрства гандлю ў верасні ўзнялі тарыфы на 8% і пачынаеце далей пужаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%. Гэта пры тым, што з лістапада і так усе будуць плаціць больш у сувязі з падключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна», – сказаў кіраўнік краіны.

З 1 студзеня 2018 году будуць зацверджаны тарыфы на камунальныя паслугі спецыяльным рашэннем кіраўніка краіны.

Вада

Лукашэнка загадаў падвысіць якасць пітной вады ў Беларусі. 26% спробаў вады ў Магілеўскай і Гомельскай вобласці не адпавядаюць нормам па ўтрыманні жалеза. Праблему кіраўнік краіны загадаў вырашыць да 2025 году.

Ён назваў недапушчальным таксама, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных прыстасаванняў і ўвесь бруд збіраецца на палях фільтрацыі.

«Ёсць самыя сучасныя формы ачышчэння – укараняйце. Гэтую праблему трэба было вырашаць учора. Таму сёння неадкладна вырашайце. Выкарыстоўвайце сусветны досвед, навуку прыцягвайце, шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце», – загадаў Лукашэнка.

Юрыдычных асобаў – прымусіць сплаціць запазычанасці

«Да насельніцтва сёння прэтэнзіяў асаблівых няма: людзі свае абавязкі выконваюць спраўна. А вось запазычанасці юрыдычных асобаў за камунальныя паслугі, якая ў 4,5 разы вышэй, чым у насельніцтва, гэта не проста праблема, гэта тормаз развіцця галіны. Прыміце суадносныя меры», – даручыў Лукашэнка старшыням гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

Уцяпленне за грошы жыхароў

Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі выпаў загад мадэрнізаваць сістэму цяпла ў жылых дамах.

«Калі людзі хочуць зрабіць уцяпленне больш, чым належыць, то палічыце і зрабіце за іх жа грошы. Каб не было дорага, дамаўляйцеся з будаўнікамі, вытворцамі ўцяпляльных матэрыялаў і дайце растэрміноўку», – сказаў Лукашэнка.

Летаючы над краінай, Лукашэнка бачыць праблему са смеццем

Найбольш балючая гэтая праблема для сталіцы. Лукашэнка заўважыў, што гару сметніку «Паўночны» відаць нават з космасу. Загадаў разабрацца са сметнікавымі палігонамі па ўсёй краіне, а таксама з тымі, хто за іх адказвае.

«Летаючы над краінай, я вельмі добра гэта бачу. Новаму міністру прыродных рэсурсаў дадзены жалезны загад разабрацца з тымі, хто адказвае за гэтыя палігоны, і асабліва з тымі, хто гэтыя палігоны стварае дзе трапілася. То бок забруджвае лясы, дарогі і г.д. Вы ведаеце, аб чым гаворка. Дзейнічайце», – сказаў Аляксандр Лукашэнка

ВЧ, belsat.eu паводле belta.by

 

Стужка навінаў