Кіраўнік Беларусі на Раство завітаў у святыню ў гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Менску. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.
У царкве Аляксандра Лукашэнку віталі выхаванцы нядзельнай школы, якія падарылі яму букет кветак. Кіраўнік дзяржавы ў адказ перадаў ім кнігі пра праваслаўныя святы і прысмакі.
Затым ён запаліў калядную свечку.
У царкве Аляксандр Лукашэнка таксама выступіў з прамовай, у якой адзначыў, што 2019 год быў няпростым для краіны. Ён падкрэсліў, што вяскоўцы з гонарам пераадолелі мінулы год, а гараджане маглі б спрацаваць лепш.
Паводле яго, няпростым будзе і 2020 год.
«І нам трэба шмат зрабіць для таго, каб гэтак жа годна прайсці яго, захаваўшы нашу краіну, сваю незалежнасць», – сказаў кіраўнік краіны.
Самае галоўнае, дадаў ён, летась быў захаваны «мір і спакой на нашай зямлі».
Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар святыні ікону «Нараджэнне Хрыстова», а протаіерэй Андрэй Лемяшонак перадаў у дар яму абраз святой Еўфрасінні Полацкай.
МГ belsat.eu