Лукашэнка: Мяне дзівіць, калі мужык не можа прабегчы 10 км. А яшчэ горш – страляць не ўмее


На сустрэчы з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2018 года Аляксандр Лукашэнка рэзка выказаўся ў дачыненні да выступлення на Алімпіядзе мужчынскай каманды па біятлоне, распавёў пра будаўніцтва новага аб’екту для падрыхтоўкі лыжнікаў і фінансаванне спорту ў Беларусі.

«Такога пазорышча, як у біятлоне ў мужыкоў, у краіне быць не павінна. Тым больш, што насцярожвае, мы зверху падаем уніз. Мяне наогул дзівіць, калі мужык не можа на ўзроўні іншых прабегчы 10 км. А яшчэ горш – страляць не ўмее, горш дзяўчынак. Гэта што за мужыкі, што гэта наогул за падрыхтоўка і што гэта за трэнер?» – абурыўся ён.

Лукашэнка таксама закрануў тэму фінансавання спартыўнай галіны ў Беларусі:

«Мы напярэдадні буйной нарады ў прэзідэнта па зімовых відах спорту. Яна рыхтуецца міністрам і кіраўніком Адміністрацыі. Мы найпадрабязным чынам, дэталёва разбяром тыя недахопы, памылкі і хібы, якія ў нас ёсць у зімовых відах спорту, зробім адпаведныя высновы. Ужо нямала зроблена. Ужо выбудоўваецца сістэма. Ніякіх дурных, шалёных грошай не будзе. За вынік будзем плаціць. І для падрыхтоўкі мы таксама грошай не пашкадуем».

«Але і трэнеры, і спартсмены павінны разумець, што ўсякія там разʼезды за мяжы – закаткі, раскаткі і іншае – гэта таксама сышло ў мінулае. Столькі, колькі трэба ў гарах рыхтавацца, столькі і будзеце рыхтавацца. Але павінен быць вынік», – адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама паабяцаў, што на працягу 1-2 гадоў у Беларусі зробяць рашучы крок па стварэнню ўмоў для падрыхтоўкі лыжнікаў.

«Мы абавязкова пабудуем так званую трубу ў Беларусі. Я хацеў бы, каб гэта было на працягу года зроблена. Ужо цяпер праводзяцца пошукавыя працы. Мы знойдзем сродкі для таго, каб пабудаваць гэты будынак, каб нашыя лыжнікі – і спартсмены, і аматары – маглі круглы год займацца на снезе», – адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што ў Менску ўжо вызначана месца і ёсць інвестары для будаўніцтва яшчэ аднаго будынку для падрыхтоўкі лыжнікаў з трасай у 1,2 км.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў