Лукашэнка марыць, каб імперыя стала траваеднай?

Аляксандр
Класкоўскі
палітычны аглядальнік, публіцыст

Сёння беларускі прэзідэнт зноў абвінаваціў Маскву ў тым, што яна выкручвае рукі, прымушаючы інтэгравацца паводле яе разумення. Але тут жа дадаў: «Мы застаемся, як заўсёды, адданыя рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі».

Няўжо Аляксандр Лукашэнка прастадушна верыць, што Крэмль з яго вялікадзяржаўным мысленнем раптам пакажа сябе белым і пухнатым, пяройдзе ад прэсінгу на меншага партнёра да ідылічнага раўнапраўя?

Саюзную дамову падпісалі як раз пры «дабром» Ельцыне

У прыклад Лукашэнка прывёў часы Барыса Ельцына: «Мы тады наагул не казалі пра тое, што хтосьці павінен страціць суверэнітэт і незалежнасць» (з чаго, дарэчы, можна зрабіць выснову, што цяпер гэтая тэма за кулісамі двухбаковай інтэграцыі прагаворваецца адкрытым тэкстам).

Але гэты ўспамін пра нібыта ідыліі раўнапраўя – хітрасць. Масква тады і задумала ўвесь гэты працэс «братняга яднання» (так, так і казалі), каб у больш-менш добрапрыстойнай форме вярнуць «малодшую сястру» ва ўлонне, пачаць новае збіранне зямель на руінах Савецкага Саюзу. Малады ж беларускі прэзідэнт, як кажуць злыя языкі, ужо бачыў сябе пераемнікам старога хворага расейскага цара.

Менавіта з Ельцыным і падпісалі саюзную дамову 1999 года, якою цяпер Масква тыкае ў нос, прымушаючы да «паглыбленай інтэграцыі». У той дамове – і адзіная валюта, і агульны парламент, і іншыя рэчы, якія пагражаюць плаўным паглынаннем.

Лукашэнка і Ельцын. Фота – president.gov.by

Менавіта ў 90-х беларуская апазіцыя заварвала самыя магутныя акцыі супраць пагрозы аншлюсу. Цяпер, калі Крэмль прыціснуў, Лукашэнка загаварыў лозунгамі сваіх унутраных палітычных апанентаў. Знайшоў сякеру пад лавай.

Ахілесавая пятка беларускага прэзідэнта

Ну, добра, лепш позна, чым ніколі. Аднак што мы чуем з вуснаў беларускага правадыра ўперамешку з крыўдамі на Маскву ды палымянымі спічамі за незалежнасць? Ён дэкларуе… намер і далей гуляць у тую ж гульню, у тую ж рускую рулетку.

Ён спрабуе выгарадзіць Уладзіміра Пуціна. Маўляў, цар добры, а баяры кепскія. Маўляў, толькі вось з расейскім калегам дамовіліся аб кампенсацыі зніжэння мыты на нафту, як «увечар ужо міністры па-свойму трактуюць нашыя дамоўленасці – двух прэзідэнтаў».

Няўжо Лукашэнка і сапраўды верыць, што Пуцін дазволіў бы хвасту круціць сабакам? І што прымусам да «паглыбленай інтэграцыі» займаюцца нейкія шасцёркі з акружэння насуперак волі гаспадара Крамля? Не, проста Лукашэнка хітры і з увагі на дыпламатыю пакідае расейскага прэзідэнта па-за крытыкай, дае яму захаваць твар.

Наагул зразумела, чаму пры зубаскрышальнай крытыцы на адрас інтэграцыі – як у фармаце Саюзнай дзяржавы, так і ў рамках ЕАЭС – беларускі кіраўнік не заяўляе аб выхадзе з інтэграцыйных структураў, як таго патрабуюць апазіцыянеры. Таму што гэта скрыжаванне чырвоных лініяў, пасля чаго расейская агрэсія а-ля Крым з катэгорыі страшылкі можа перайсці ў плоскасць прамой пагрозы.

Пуцін хоча змяніць Канстытуцыю РФ. Паглынанне Беларусі адмяняецца?

Адграбаць ад імперыі, якая не рассталася са сваймі базавымі інстынктамі, трэба асцярожна. Але – адграбаць, калі вы хочаце захаваць незалежнасць.

Аднак ахілесавая пятка Лукашэнкі ў тым, што ён баіцца рэформаў, неабходных для рэальнай эканамічнай і палітычнай дыверсіфікацыі. Ён працягвае гульні з Крамлём у надзеі прыпыніць час, падоўжыць існаванне анахранічнай беларускай мадэлі, завязанай на расейскія рэсурсы, маскоўскае падсілкоўванне.

Ну як ты перавыхаваеш імперыю?

Агулам каскад сённяшніх заяваў Лукашэнкі прагучаў на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам – былым спікерам верхняй палаты беларускага парламента, сваім чалавекам.

З гэтай размовы мы даведаліся, у прыватнасці, што ў траўні ў Менску плануецца падпісаць стратэгію еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Беларускі кіраўнік настойвае на тым, каб гэта быў дакумент «без усялякіх там агаворак і гэтак далей».

І гэты манеўр Лукашэнкі зразумелы. Ён спадзяецца вырашыць у еўразійскім фармаце тое, што не атрымліваецца ў двухбаковым. І ў прыватнасці – праблему цэн на энерганосьбіты. Бо ў межах ЕАЭС дамаўляліся да 2025 года стварыць адзіныя рынкі нафты, газу і нафтапрадуктаў.

Але вельмі сумнеўна, што расейскія алігархі стануць ахвяраваць барышамі дзеля адзіных рынкаў, эфемерных прынцыпаў раўнапраўя і справядлівасці. Прыдумаюць яшчэ што-небудзь, як прыдумалі коштам падатковага манеўру падняць цану нафты для Беларусі.

Суворая рэальнасць заключаецца ў тым, што ЕАЭС – таксама праект Масквы, больш за тое – дзецішча Пуціна. Так што і ў гэтым фармаце сваю волю будзе дыктаваць Крэмль.

А ён які б інтэграцыйны фармат ні ладзіў, усё роўна атрымліваецца аўтамат Калашнікава. Усё роўна звышзадача – узмацніць кантроль над постсавецкай прасторай. А калі нейкі кавалак зямлі кепска ляжыць (менавіта так сёй-той у расейскіх элітах глядзіць на Беларусь), то і да рук прыбраць.

Перавыхаваць жа імперыю – гэта нешта з разраду мараў аб траваедных ваўка.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў