Лукашэнка – кіраўнікам Віцебшчыны: «Я вас усіх у турму адпраўлю»


Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў кіраўніцтва Віцебскай вобласці за правалы ў аграпрамысловым комплексе. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка на нарадзе ў Віцебску канстатаваў: абʼём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў вобласці паменшыўся амаль на 2%, скарачаецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы, вельмі нізкія надоі, назіраецца нізкая інвестыцыйная актыўнасць, падзенне экспарту, рост стратных прадпрыемстваў, нізкія заробкі.

Лукашэнка на нарадзе па развіцці АПК на Віцебшчыне. Фота – president.gov.by

«Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой працы (калі гэта наагул можна назваць працай) пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба шчыра сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Скарачэнне занятых у галіны і іх нізкі заробак ужо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37% работнікаў сяла (Віцебскай вобласці. – заўвага.) атрымліваюць зарплату ніжэй Br500, а 40 арганізацыяў нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойна выплачваць». «Прытым у мяне складаецца меркаванне, што калі мы гаворым Br500, гэта ў некаторых гаспадарках налічаны заробак, а выдаеце вы яго па частках – па Br100-150. І лічыцца, што ў вас сярэдняя зарплата Br500. Каго вы падманваеце?» – задаў ён рытарычнае пытанне.

Лукашэнка таксама крытычна паставіўся да прапановы стварыць новы супербуйны аграпрамысловы комплекс.

«Калі вы гэта робіце дзеля глотка свежага паветра, калі вы дзеля гэтага робіце, то праз год гэтага паветра не будзе. І не дай бог у вас будзе гэты прэзідэнт, і ў вас ужо паветра не будзе, я вас усіх у турму адпраўлю. Таму не хлусіце, кажыце, якая праблема. Я бачу вашу праблему. Вы безгаспадарча, бязладна працуеце. Агідна. Так не павінны працаваць», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка на нарадзе па развіцці АПК на Віцебшчыне. Фота – president.gov.by

Пры гэтым ужо створаныя буйныя холдынгі разбураць Лукашэнка не плануе.

«Слухайце маё рашэнне: холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак. Гаспадаркі гэтыя захоўваюць сваю эканамічную плацежаздольнасць. Больш атрымаў – тваё, менш – нічога не будзе. Арганізацыйна, дысцыплінарна, хоць у турму іх саджаць – тых, хто дрэнна працуюць. Па даўгах вырашым пытанне. Вышэй іх (існых інтэграцыйных структур-холдынгаў. – заўвага.) ніякіх надбудоў не будзе. На гэтым этапе нічога не будзе», – падкрэсліў ён.

«Ніякіх надбудоў. Што тычацца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год крывёю і потым вы будзеце зарабляць грошы і паведамляць пра нейкі прырост. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе», – сказаў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў