Лукашэнка: Калі трэба будзе абараняць радзіму – зброю выдадуць кожнаму


Гатовасць узброіць беларусаў кіраўнік Беларусі агучыў на сустрэчы з актывістамі БРСМ.

На ягоную думку, цяперашняя задача сучаснай моладзі – захаваць мір, які пакінулі нам у спадчыну камсамольцы, і «працягнуць іх справу – жыць і працаваць дзеля шчасця і дабрабыту будучых пакаленняў».

«Скажу вам упершыню і адкрыта тое, пра што я казаў у самым вузкім коле. Я заўсёды кажу прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай прыйдзецца ўстаць на абарону сваёй Радзімы? Ці я, як галоўнакамандуючы, абыдуся толькі той структурай і сістэмай, якая створана ва Узброеных сілах і міліцыі? Не. Нам прыйдзецца раздаць кожнаму, перш за ўсё мужыку, ды і дзяўчатам, зброю, каб абараніць, добра, не Радзіму, сябе і сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Раптам, не дай бог, канфлікт, вайна – якія ты структуры задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную вайну? Камуністы, камсамольцы – наперад… Гэтую структуру [БРСМ – заўвага belsat.eu] у цяжкую, хай нават не ваенную хвіліну кіраўнік дзяржавы – не будзе мяне, будзе нехта іншы, – урад зможа задзейнічаць».

Лукашэнка падкрэсліў, што саюз моладзі павінен функцыянаваць як гадзіннік – ад першага сакратара да першаснай ячэйкі.

«Калі гэтага ў вас не будзе, лічыце, што вы падманулі мяне, народ і дарма выдаткавалі грошы, няхай нават невялікія. Гэты касцяк павінен дзейнічаць, і тады ў цяжкія перыяды я магу задзейнічаць шмат якія рычагі для таго, каб мабілізаваць краіну. Вядома, галоўны касцяк – гэта органы ўлады».

29 кастрычніка адзначаецца сотая галавіна камсамола.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў