Лукашэнка і Зяленскі знайшлі агульную мову. Беларусь зарабіла ва Украіне


Развязанне скандалаў з абвінавачаннем у шпіянажы, вызваленне 21-гадовага Паўла Грыба, асабістае знаёмства Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага, таваразварот каля $ 4 млрд, маштабныя праекты на будучыню.

2019-ты год можна назваць паспяховым у беларуска-ўкраінскіх дачыненнях. Глабальных прарываў не адбылося, але не было і паўзы, звязанай са зменаю ўлады ў Кіеве.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Аляксандр Лукашэнка заўсёды вельмі плаўна падтрымліваў дачыненні з рознымі прэзідэнтамі Украіны. Пачынаючы з Юшчанкі, Януковіча, Парашэнкі, цяпер Зяленскі – з усімі ён усталёўвае добрыя дачыненні, бо Украіна – гэта важны рынак для Беларусі, перадусім для нафтапрадуктаў, але таксама для беларускай тэхнікі, трактароў і цяжкавікоў».

Галоўныя падзеі, калі казаць пра двухбаковыя дачыненні, адбыліся ў другой палове года. На пачатку кастрычніка ў Жытоміры прэзідэнты сустрэліся асабіста, і выглядала, што знайшлі агульную мову. І гэта нягледзячы на тое, што на старце выбарчай кампаніі Лукашэнка наўпрост падтрымліваў былога кіраўніка Украіны Пятра Парашэнку.

Яўген Магда, палітолаг, Кіеў:

«На момант абрання Уладзімір Зяленскі не меў ніякага палітычнага досведу, таму, на маю думку, у яго слабая замежнапалітычная каманда, і яму не стае магчымасцяў, каб ахапіць адразу ўсе кірункі, якія маюць значэнне для Украіны. Стасункі з Беларуссю застаюцца для Украіны, на маю думку, адным з прыярытэтаў. Не шмат хто ведае, што таваразварот паміж Украінаю і Беларуссю параўнальны з таваразваротам Украіны і Польшчы».

Аб’ектыў
Беларусь, Украіна і Польшча хочуць адрадзіць балта-чарнаморскі шлях
2019.11.26 22:00

Таваразварот паміж Менскам і Кіевам расце апошнія 3 гады. Што не менш важна, гандлёвае сальда на карысць Беларусі. Але цягам года адбыліся не толькі эканамічныя перамовы. Урэшце быў скончаны шпіёнскі скандал, які цягнуўся амаль 2 гады. Карэспандэнт «Украінскага радыё» Павел Шаройка вярнуўся ва Украіну. За дзень да гэтага ў Чарнігаве вызвалілі беларуса Юрыя Палітыку. Апроч таго, дамоў трапіў і ўкраінец Павел Грыб, якога затрымалі ў Гомлі расейскія спецслужбы. Як ні круці, а Масква ўсё адно прысутнічае ў беларуска-ўкраінскай палітыцы».

«Мы жывем ва ўмовах значнага інфармацыйнага расейскага ўплыву. І часта, нягледзячы на падабенства ўкраінскай і беларускай моваў, атрымліваем інфармацыю ад расейскіх медыяў, а даволі часта і праз прапагандысцкія каналы. Менавіта таму Беларусь ва Украіне часта ўспрымаецца як безгалосы сатэліт Расеі», – мяркуе Яўген Магда.

Безумоўна, у Кіеве сочаць за перамовамі Менску і Масквы, і планы паглыбленай інтэграцыі Беларусі з Расейскаю Федэрацыяй у Кіеве не выклікаюць аптымізму. Тым больш, што большасць двухбаковых доўгатэрміновых праектаў так ці інакш закранаюць інтарэсы Расеі ў рэгіёне.

Hавiны
На жытомірскім форуме Беларусь і Украіна падпісалі кантракты на $ 500 млн
2019.10.04 14:39

Ігар Тышкевіч, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«Ідзе абмеркаванне ўзаемадзеяння ў энергетычнай галіне. Пачынаючы з продажу электраэнергіі і заканчваючы энерганосьбітамі, пастаўка ў Беларусь нафты з альтэрнатыўных крыніцаў. Гаворка ідзе пра адкрытую вайсковую супрацу, прамысловую кааперацыю і водны шлях Е-40».

Тэма рэверснага выкарыстання ўкраінскіх нафтаправодаў заўсёды ўздымаецца Менскам падчас крызісу з Расеяй. Але нават супольны праект воднага шляху па Дняпры можа выклікаць незадаволенне на Усходзе.

«Калі казаць пра водны шлях Е-40, калі ён раптам запусціцца, я не думаю, што ён запрацуе налета на поўную магутнасць, варта чакаць бліжэй да 2021 года, то гэта здыме пытанне прымусу расейцаў скіроўваць беларускія экспартавыя плыні праз расейскія парты», – упэўнены Ігар Тышкевіч.

Апроч таго, у Кіеве вельмі асцярожна выказваюцца пра магчымасць закупаў электраэнергіі з беларускай АЭС. Наўпрост гэта не прагаворваецца, але Украіна ніколі моцна не крытыкавала беларускага атамнага праекту. Так ці інакш, гэта ўсё, хутчэй, перспектыва на 2021 год, кажуць эксперты. Да выбараў у Беларусі палітолаг Вольга Харламава не прагназуе яркіх момантаў паміж Кіевам і Менскам. Паводле суразмоўцы «Прасвету», дзякуючы прэзідэнту Зяленскаму ў двухбаковыя дачыненні прыйшла прагматыка і такі трэнд захаваецца найбліжэйшым часам.

Аб’ектыў
Электрычнасць з Астраўца купіць Украіна
2019.11.23 21:57

«Зяленскі значна больш спакойны і прагматычны прэзідэнт, чым Парашэнка. Прынамсі дарадцы Зяленскага, якія працуюць на Беларусь. Адпаведна, гэты прагматызм і рацыяналізм будзе спрыяць таму, што будзе значна менш узлётаў і падзенняў, тыя дамоўленасці, якія дасягнутыя, будуць рэалізоўвацца ў пэўным спакойным рэчышчы», – мяркуе Вольга Харламава.

Безумоўна, ёсць моманты, якія немагчыма пралічыць. Хто ведае, магчыма, беларускія міратворцы з’явяцца на Данбасе, як неаднаразова казаў Аляксандр Лукашэнка, і гэта будзе ўжо іншая палітычныя рэальнасць. Але, калі не будзе экстраардынарных падзеяў, варта чакаць трэцяга беларуска-ўкраінскага форуму, які налета пройдзе ў Горадні і дзе можна будзе падсумаваць рэалізацыю доўгатэрміновых дамоўленасцяў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27.12.19

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Стужка навінаў