Лукашэнка і Зяленскі – што агульнага? Каментуе Віталь Портнікаў


Выбарчая кампанія Уладзіміра Зяленскага шмат у чым нагадвае пачатак палітычнай кар’еры Аляксандра Лукашэнкі, лічыць вядомы ўкраінскі журналіст і пісьменнік Віталь Портнікаў. У эфіры праграмы «ПраСвет» пра выбары ва Украіне з Віталём Аліна Коўшык.

Ці карэктна параўноўваць Лукашэнку на пачатку ягонай карʼеры ў 1994 годзе і Уладзіміра Зяленскага цяпер, у 2019-м?

Вы ведаеце, гэта цікавае параўнанне. Таму што я вельмі добра памятаю выбары 1994 года, і тады галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі, чалавекам, які выйшаў разам з ім у другі тур, быў тагачасны прэмʼер-міністр, спадар Кебіч, які прэзентаваў сабою старую наменклатуру. І калі іх па тыпажы параўнаць цяпер з дзейсным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, то мы ўбачым, што яны ў нейкай ступені падобныя. Афіцыйныя строі, гальштукі, нарады, выступы, звароты да грамадзянаў у падобнай стылістыцы… Нельга сказаць, што грамадзяне адчувалі нейкую асаблівую антыпатыю да Кебіча. Тым не менш яны разумелі, што з ім звязаныя нейкія іншыя часы, а Лукашэнка – малады антыкарупцыянер, мабільны. Ён меў зносіны з народам, быў прадстаўніком каманды мала каму вядомых маладых людзей, якія былі побач з ім. Шмат хто з гэтых маладых людзей потым знік, шмат хто расчараваўся, а ў выніку з Лукашэнкам стала працаваць усё тая ж старая беларуская эліта, якая потым атаясамлівалася не толькі з ім, але і з Кебічам.

Але гэта ўсё будзе пазней, а на момант перадвыбарчай кампаніі 1994 года Лукашэнка – увасабленне пераменаў. Зяленскі таксама. Мы колькі заўгодна можам казаць пра тое, што ён звязаны з буйным бізнесам і доўгія гады праіснаваў унутры сістэмы. Ягоны выбарнік гэтага не чуе, як, дарэчы, выбарнік Лукашэнкі таксама не чуў пра тое, што Лукашэнка насамрэч сістэмны гулец, і што ягоныя погляды на будучыню Беларусі не моцна адрозніваюцца ад поглядаў Кебіча. І тут таксама ёсць добрая аналогія. Зяленскі ў сваёй праграме не прапаноўвае нешта альтэрнатыўнае таму (прынамсі, калі мы гаворым пра замежную палітыку), што прапаноўвае Парашэнка.

ВІДЭА
Чаму Лукашэнку любяць ва Украіне?
2019.04.20 14:18

Ён не кажа пра тое, што Украіна мусіць адмовіцца ад сваіх тэрыторыяў. Лукашэнка ў 94-м годзе не казаў, што Беларусь мусіць адмовіцца ад інтэграцыі з Расеяй, якая была выбарчай кампаніяй Кебіча. Ён, можна сказаць, прэзентаваў выбарчую кампанію Кебіча ў новым інтэр еры – без карупцыі, без старой эліты, з новым людзьмі. Зяленскі займаецца тым жа самым: ён прадстаўляе праграму Парашэнкі ў новым інтэр еры – без карупцыі, з новымі людзьмі, з сумленнай размовай з грамадствам. Таму так.

Заўсёды, калі такога роду палітычны дзеяч прыходзіць да ўлады, ён спрабуе паказаць новую мадэль, альтэрнатыўную старой, і гэтаму няма ніякай альтэрнатывы.

Вы памятаеце, што Расея па-рознаму ставілася да выбарчай кампаніі ў Беларусі ў 1994 годзе і да выбарчай кампаніі ва Украіне ў 2019-м. Тут яна практычна не падтрымлівае нікога з кандыдатаў, хоць відавочна, што галоўную антыпатыю ў яе выклікае Пётр Парашэнка. Бо ў 1994 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Расеі Віктар Чарнамырдзін, які прыбыў у Менск пасля першага туру прэзідэнцкіх выбараў для сустрэчы з Кебічам, ён Лукашэнку нават рукі не падаў. Гэта быў відавочны сігнал для беларускага выбарніка, але беларускі выбарнік гэтага сігналу не ўспрыняў. Лукашэнку была практычна наканаваная тады перамога менавіта таму, што ён асацыяваўся з новым.

А якія праблемы давядзецца развязваць новаму прэзідэнту Украіны ў бліжэйшы год, і чаго ад яго чакаюць людзі цяпер?

Па-першае, людзі чакаюць ад новаабранага прэзідэнта Украіны таго, чаго новаабраны прэзідэнт Украіны ў прынцыпе развязаць не можа. Яны прыпісваюць прэзідэнту Украіны функцыі, якімі прэзідэнт Украіны не валодае згодна з Канстытуцыяй. Калі мы гаворым пра бліжэйшы год, то ў любым выпадку трэба разумець, што ў бліжэйшыя месяцы новаабраны прэзідэнт будзе працаваць з тым парламентам, які існуе. Гэта ўжо абцяжарвае любую самастойнасць новаабранага кіраўніка дзяржавы. Людзі вельмі хочуць змяншэння тарыфаў. Зразумела, што ў нейкай ступені любая ўлада можа пайсці насустрач насельніцтву і крыху паменшыць тарыфы, а асабліва на фоне тых падзеяў, якія адбываюцца на энергетычным рынку.

Але Украіна, як і любая цывілізаваная дзяржава, прызначаная не на паніжэнне, а на павышэнне, на гарманізацыю тарыфаў, на рынкавыя тарыфы. Гэтага вялікая частка ўкраінскіх грамадзянаў не можа зразумець. Яна ў гэтым павышэнні тарыфаў бачаць што заўгодна: крадзеж, інтрыгі Міжнароднага валютнага фонду, але толькі не тое, што трэба плаціць за прадукцыю столькі, колькі гэтая прадукцыя вартая.

Украінцам давядзецца змірыцца з гэтай сітуацыяй, але для гэтага патрэбны час. І тарыфы ў нас пачалі падвышацца толькі цяпер, хоць у цывілізаваным свеце, у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, гэтыя тарыфы павышаюцца з пачатку 90-х. Натуральна, у нас вельмі цяжкі перыяд адаптацыі. Украінцы хочуць спынення вайны, яны хочуць аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці. Але калі ім кажаш, што на постсавецкай прасторы канфлікты працягваюцца ўжо 28 гадоў, і што тэрытарыяльная цэласнасць Украіны можа быць адноўленая коштам такіх кампрамісаў з Расеяй, якія хутчэй за ўсё прывядуць да грамадзянскага канфлікту ў самым украінскім грамадстве, большая частка маіх суайчыннікаў проста не хоча гэтага чуць. Пытанне не ў тым, што давядзецца рабіць новаабранаму прэзідэнту Украіны, пытанне ў тым, што большая частка ўкраінцаў жадае заставацца ў ілюзіях, з якіх няма выйсця. Задача і прэзідэнта, і парламенту, і ўраду, і ўкраінскай палітычнай эліты – выцягнуць украінскага выбарніка са свету, у якім ён жыве ўжо доўгія гады і які не існуе: свет ягоных ілюзіяў і чаканняў.

Віталь, калі паглядзець на палітычнае поле ў нашым рэгіёне, мы бачым проста вар’яцкі рэйтынг Зяленскага і ціск на Беларусь з Масквы, які ўзмацняецца. У нас ствараецца ўражанне нейкага рэваншу або контратакі імперыі. Ці пацвярджаеце вы нашыя ўражанні ад таго, што цяпер адбываецца?

Я думаю, што гэта не контратака. Расейская дзяржава імкнецца вярнуць сабе тэрыторыі, якія яна страціла ў 1991 годзе. Гэта і нашыя тэрыторыі, гэта і тэрыторыі беларускія. У Расеі такі погляд на сваю тэрыторыю: мы ўсяго толькі збунтаваныя правінцыі. І гэта не нейкая адмысловая контратака, гэта планамерная праца для вяртання тэрыторыяў, якія адкалоліся, у склад Расеі. Зноў-такі, шмат хто з маіх суайчыннікаў жыве ў свеце, у якім гэтых мэтаў няма, у якім яны могуць неяк з Расеяй ужыцца і дамовіцца, застаючыся ўкраінцамі. Хоць такой магчымасці ў іх няма, як і ў беларусаў няма – вы таксама гэта добра разумееце.

Hавiны
Выбары ў ваенны час. Як Расея ўплывае на прэзідэнцкую гонку ва Украіне
2019.03.21 18:33

Расея дзейнічае планамерна: яна сёння разумее, што ўкраінская ўлада аслабела, і што ва ўкраінскага грамадства ёсць запыт на перамены, у тым ліку і сацыяльныя, таму стварае такую сітуацыю, у якой украінская ўлада вымушаная будзе з ёй дамаўляцца. У гэтым таксама няма нічога новага. Я хачу вам нагадаць 2010 год, перамогу Віктара Януковіча на выбарах. Віктар

Януковіч быў не проста прарасейскім палітыкам – ён быў яшчэ і чалавекам, упэўненым, так бы мовіць, што Тэхас павінныя рабаваць тэхасцы. Ён хацеў пакінуць Украіну як тэрыторыю для рабавання данецкаму клану, які разам з ім прыйшоў да ўлады. Але Расея стварыла для яго тады гэткія эканамічныя ўмовы, перш за ўсё, дзякуючы энергетычным цэнам, што ён вымушаны быў пайсці на падпісанне харкаўскіх пагадненняў. І з гэтага моманту пачалося ператварэнне Януковіча з самастойнага латыфундыста, які збіраўся самастойна абрабаваць краіну, якую ён атрымаў у кіраванне, у расейскую марыянетку. Гэта лагічна.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» 19.04.2019

Стужка навінаў