Лукашэнка і Саргсьян абмеркавалі стаўленне да Канстытуцыі


Канстытуцыю парушаць недапушчальна. Пры фармаванні новага ўрада ўсё павінна быць у рамках закона. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка і Армэн Саргсьян заявілі падчас тэлефоннай размовы, якая, як паведамляе прэс-служба беларускага лідара, адбылася па ініцыятыве армянскага боку.

Тэлефонны размова адбылася вечарам 25 красавіка.

«Прэзідэнт Арменіі падрабязна распавёў кіраўніку беларускай дзяржавы аб цяперашняй сітуацыі ў краіне, пацвердзіўшы, што яна застаецца складанай. Пытанне будучыні Арменіі сёння стаіць рубам. Таксама прэзідэнт Арменіі падрабязна распавёў пра гісторыю канфлікту, памылкі і недахопы, пра сітуацыю ў парламенце і кансультацыях, якія ён цяпер праводзіць з парламенцкімі кааліцыямі», – паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнікі дзяржаў выказалі думку, што парушаць Канстытуцыю недапушчальна нікому з грамадзянаў, асабліва пры фармаванні новага ўрада – усё павінна быць у рамках асноўнага закона краіны.

Лукашэнка і Саргсьян таксама ўзгаднілі графік далейшых дзеянняў, дамовіўшыся працаваць у кантакце. Яны дамовіліся накіраваць у Арменію групу журналістаў для асвятлення падзей, якія адбываюцца ў гэтай краіне.

Напярэдадні, выступаючы з пасланнем да парламента і народа, Лукашэнка заявіў:

«Вы што, хочаце сказаць, што мы не вінаватыя ў тым, што адбылося ў Арменіі? Вы памятаеце год таму, ці колькі, з-за чаго ўспыхнула там паўстанне? Калі ўрад Арменіі падвысіў кошты на прыродны газ, энергарэсурсы, нібыта не было выйсця. А потым вымушаныя былі адступіць. А што, гэта не ад нас залежала, не ад Расеі гэта залежала? І вось так вось, нас па адзіночцы проста пераб’юць, у лепшым выпадку проста павыдзіраюць з гэтага саюза. Замест таго, каб узяцца за галаву і разам вырашаць гэтыя пытанні, мы пачынаем хапаць адзін аднаго за грудкі і біць адзін аднаму морды».

У Арменіі вось ужо больш за два тыдні не сціхаюць антыўрадавыя пратэсты, арганізаваныя апазіцыяй. Два дні таму на хвалі пратэстаў сышоў у адстаўку экс-прэзідэнт і новаабраны прэмʼер Арменіі Серж Саргсьян.

Апазіцыйная парламенцкая фракцыя «Елк» вылучыла ў сераду на пасаду прэмʼер-міністра Арменіі кандыдатуру лідара апазіцыі Нікала Пашыньяна.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў