Лукашэнка і Пуцін плануюць сустрэцца цягам найбліжэйшых двух тыдняў


«Праблемныя аспекты ў беларуска-расейскім узаемадзеянні» абмеркавалі ў тэлефоннай размове 9 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

«Рашэнні па іх прапрацоўваліся ўрадамі дзвюх краін і будуць канчаткова прынятыя на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая, згодна з папярэдняй дамоўленасці, адбудзецца цягам наступных двух тыдняў», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка і Пуцін таксама абмеркавалі пытанні міжнароднага парадку дня, у прыватнасці вынікі выбараў у ЗША і іх магчымы ўплыў на развіццё рэгіянальных і глабальных працэсаў.

Афіцыйны беларускі лідар распавёў калегу «і пра некаторыя падрабязнасці свайго нядаўняга візіту ў блізкаўсходні рэгіён».

Прэс-служба Крамля па выніках размовы была кароткай: «Прэзідэнт Беларусі падзяліўся ўражаннямі пра свае толькі што завершаныя візіты ў Катар і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты – у гэтай сувязі закранутыя актуальныя пытанні сітуацыі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі таксама графік запланаваных асабістых кантактаў».

Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў