Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі затрыманне 33 вагнэраўцаў


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі тэлефонныя перамовы.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, падчас размовы абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця «братэрскіх расейска-беларускіх стасункаў».

«Праведзены абмен меркаваннямі ў сувязі з нядаўнім затрыманнем на тэрыторыі Рэспублікі 33 расейскіх грамадзянаў. Выказана ўпэўненасць, што сітуацыя, якая ўзнікла, будзе ўрэгулявана ў духу ўзаемаразумення, характэрнага для супрацы дзвюх краінаў. Падкрэслена, што расейскі бок зацікаўлена ў захаванні ў Беларусі стабільнай унутрыпалітычнай сітуацыі і правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у спакойнай абстаноўцы», – паведамляюць у прэс-службе Крамля.

Як паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі, падчас размовы Пуцін «адзначыў важнасць далейшага развіцця братэрскіх беларуска-расейскіх стасункаў і неабходнасць супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям і дзеянням трэціх сілаў, якія могуць прывесці да іх пагаршэння».

«Адной з галоўных тэмаў размовы стала затрыманне 33 расейскіх грамадзянаў на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым было падкрэслена імкненне разам самым сур’ёзным чынам разабрацца ў дадзенай сітуацыі. Прэзідэнты дамовіліся максімальна прадметна і старанна вывучыць кожны існуючы факт з тым, каб высветліць сапраўдныя прычыны сітуацыі, якая склалася, знайсці вінаватых і прыцягнуць іх да адказнасці», – паведамляе беларускі бок.

Нагадаем, 29 ліпеня праваахоўнікі паведамілі аб затрыманні 33-х баевікоў расейскай ПВК Вагнэра, якія нібыта прыбылі ў краіну дзеля дэстабілізацыі абстаноўкі перад выбарамі. Іх падазраюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў (арт. 293 КК) разам з Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім.

Hавiны
СК: паказанні вагнэраўцаў наконт мэтаў знаходжання ў Беларусі супярэчлівыя і непаслядоўныя
2020.08.01 00:08

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў