Лукашэнка і Пашыньян даюць адпор Маскве




Аляксандр Лукашэнка чакае ад Нікола Пашыньяна запросінаў у Ерэван. Пра гэта кіраўнік адной з фракцыяў армянскага парламенту, мультымільянер Гагік Царук’ян заявіў журналістам.

Царук’ян вядомы тым, што падарыў Мікалаю Лукашэнку 400-літровую бочку каньяку і двух белых ільвянятаў. Ці наспела патрэба ў візіце Лукашэнкі ў паслярэвалюцыйны Ерэван? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з армянскім палітолагам Рубэнам Мэграб’янам.

Лукашэнка прыняў новага амбасадара Арменіі ў Беларусі і пры гэтым заявіў, што Арменія – надзейны партнёр. У тым ліку ў межах АДКБ. Цяпер яшчэ трывае спрэчка, хто будзе генеральным сакратаром гэтай арганізацыі – Беларусь ці Арменія або хтосьці яшчэ. Як вы ацэньваеце гэтую заяву і тое, што Лукашэнка павіншаваў Пашыньяна з прызначэннем на пасаду прэмʼер-міністра Арменіі?

Гэта пратакольныя пытанні, якія ў любым выпадку павінныя быць развязаныя менавіта такім чынам. З іншага боку, і ў афіцыйнага Менску, і ў афіцыйнай Арменіі ёсць разуменне таго, што не варта ўскладняць і без таго складаныя стасункі. Пагатоў калі паміж Арменіяй і Беларуссю няма ніякіх прынцыповых пытанняў, якія прыводзілі б да таго, што ў нас не былі б добрыя дачыненні. Усе разумеюць: тое, што адбылося да гэтага часу, – гэта больш пытанні, так бы мовіць, штучнага характару, выкліканыя тымі ці іншымі абставінамі. Для кіраўнікоў АДКБ гэтае пытанне, як вы сказалі, застаецца пакуль неразвязаным. Пастанавілі гэтае пытанне абысці, скажам так.

Hавiны
У АДКБ растлумачылі ўмовы прызначэння Станіслава Зася генеральным сакратаром
2018.12.25 15:46

А продаж Беларуссю ракетных комплексаў «Паланэз» – гэта не прынцыповае пытанне? Менск узбройвае ворага Ерэвана.

Так, гэта прынцыповае пытанне. Але на гэты момант мы бачым, што гэты працэс не атрымаў свайго працягу. Што будзе далей, пажывём – пабачым.

Армянскі навінавы партал «Aravot» апублікаваў каментар Гагіка Царук’яна, мультымільянера і лідара адной з фракцыяў цяперашняга парламента. Мы ведаем, што Царук’ян – скажам так, сябар і добры партнёр Лукашэнкі. Царук’ян заявіў, што гаварыў праз тэлефон з Лукашэнкам і той чакае ад Ерэвану або ад Пашыньяна запросінаў у Арменію. Ці надышоў момант, каб новыя армянскія ўлады запрасілі кіраўніка Беларусі ў сваю краіну?

Я думаю, што гэтае пытанне пакуль не наспела. Бо некаторыя пытанні патрабуюць прынцыповага развязання ў рэчышчы таго, што ў нас няма прычынаў, каб у нас не былі добрыя стасункі. І ўскладняць нашыя і без таго складаныя дачыненні ў гэтым плане таксама не варта. Гэтыя пытанні павінныя атрымаць сваё прынцыповае развязанне ды толькі пасля гэтага, магчыма, і будзе такая прапанова. Давайце глядзець на рэчы больш рэальна.

Усё ж такі Арменія для Беларусі не ёсць прыярытэтным кірункам, як і наадварот. Тым больш калі ўлічваць, перад якімі выклікамі стаў Лукашэнка цяпер у сваіх стасунках з Расеяй.

І ў Арменіі таксама цяпер вельмі важны перыяд, звязаны з фармаваннем ураду, з праграмай ураду, якая хутка зʼявіцца, будзе план нейкіх рэформаў, будзе абʼяўленая стратэгія. Увогуле цяпер гэтыя двухбаковыя адносіны – не самае галоўнае. Галоўнае, каб яны не нарабілі такога шуму, як было апошнім часам.

Hавiны
Прэс-сакратар Пашыньяна: Лукашэнка зноў выдае змест закрытых сустрэчаў
2018.12.17 17:23

Мне здаецца, што парадаксальна, але можна чакаць нейкага тактычнага ці то саюзу, ці то партнёрства паміж Лукашэнкам і Пашыньянам, улічваючы менавіта ціск Масквы. Гэта значыць, Арменія ды Беларусь застаюцца пад, вядома, розным ціскам і ўплывам Масквы. Ці не могуць Пашыньян з Лукашэнкам знайсці часова агульную мову, каб разам каардынаваць свае намаганні для памяншэння ціску?

Тэарэтычна ўсё можа быць. Тым больш у сказаным вамі ёсць пэўная рацыя.

Гэта будзе залежаць ад развіцця, бо мы бачым, што Лукашэнка схільны даваць адпор усім імперскім намерам Масквы. Тое самае можна сказаць і пра Ерэван.

Мы бачым, што Арменія праводзіць перамовы пра газ. У Ерэване ідзе працэс супраць Робэрта Качар’яна. Гэта пытанні, якія Расея, скажам так, успрымае неадназначна, і могуць быць розныя рэакцыі наконт гэтага. Як, напрыклад, Качар’ян ужо сядзеў у турме, а Пуцін віншуе яго з Новым годам. У залежнасці ад развіцця могуць быць розныя канфігурацыі. Так ці інакш я не здзіўлюся, калі што.

А як бы вы ацанілі той факт, што вядомы расейскі журналіст армянскага паходжання Бабаян зняў фільм-рэпартаж пра падзеі 1 сакавіка 2008 года, калі былі расстраляныя ўдзельнікі мірнага пратэсту супраць прэзідэнцкіх выбараў? І тое, што зʼявілася інфармацыя ў СМІ, быццам Качар’ян праспансараваў ягоны ганарар? Гэта не ўмяшанне ў справы Арменіі з боку Расеі? Такі трошкі завуаляваны ўплыў на грамадскую думку.

Тое, што ўказаны вамі журналіст працуе на РТР, а гэта дзяржаўны тэлеканал, можна расцаніць і гэтак таксама. Але, хутчэй за ўсё, гэта асабістая ініцыятыва і мае больш армянскае паходжанне. Гэта маё дапушчэнне. Што датычыць гэтага фільму, то ён быў рэзка раскрытыкаваны актыўным сегментам армянскага грамадства. Тэлеграм-канал «Баграмян-26» перадаваў гэтую інфармацыю, гэтага пакуль не пацвердзілі і не аспрэчылі. Будзем чакаць развіцця падзеяў, але фільм сваёй мэты проста не дасягнуў. Чаго і варта было чакаць, бо ёсць армянская прыказка: у хлусні ногі кароткія.

У нас таксама ёсць падобная прыказка. Новы парламент і новы стары прэмʼер пачалі сваю працу літаральна тыдзень таму, крыху больш. Як вы ацэньваеце першыя дні парламента? Якіх зменаў найбліжэйшымі месяцамі варта чакаць у Арменіі?

Гэты тэрмін, які прайшоў з пачатку новай сесіі новаабранага армянскага парламенту, не той, які дазваляе падводзіць нейкія вынікі. Можна казаць пра ўражанні. Мы бачым, што гэта ў асноўным маладыя матываваныя грамадзяне Арменіі, дэпутацкі корпус, нацэлены на вынік, і з энтузіязмам узяўся за працу. Адбіваецца ў пэўнай меры і нястача жыццёвага досведу, але, па-мойму, гэта адзіная хіба, якая выпраўляецца з часам. Таму гэты аптымізм, узброіўшыся якім, яны ўзяліся за працу ў новым парламенце, абгрунтаваны. Вынікі будуць у залежнасці ад сфераў у кароткатэрміновай, сярэднетэрміновай перспектыве.

Цяпер можна сказаць, што сфармаваўся і парламент, і ўрад, якія прыбываюць ужо па-за перадвыбарнаю логікаю. Гэта значыць, яны нацэленыя на больш устойлівы і доўгатэрміновы вынік.

Hавiны
Арменія: Зрабіць немагчымае, як і Беларусі
2018.12.18 14:33

Вы асабіста развязанне якой праблемы чакаеце ў першую чаргу новым урадам і парламентам?

Па-першае, я думаю пра крокі, якія зробяць незваротным хаду рэформаў у Арменіі. Для гэтага, вядома, нам вельмі патрэбная судовая рэформа. З улікам таго, у якой жахлівай сітуацыі застаецца судовая сістэма, проста непрымальнай, я думаю, гэтыя элементы пераходнага правасуддзя павінныя быць. І, безумоўна, эканамічныя рэформы, якія вельмі важныя, каб грамадзяне адчулі рэальныя перамены ў сваім жыцці.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў