Лукашэнка і Парашэнка баяцца расейскіх спецслужбаў

ВІДЭА

Ці можа Беларусь пачувацца бяспечна, і чаго варта чакаць ад нашых суседзяў? Хто сёння нашыя хаўруснікі, а адкуль нам чакаць пагрозы? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі на міжнароднай канферэнцыі памяці Кіпрыяна Кандратовіча, генерала Беларускай Народнай Рэспублікі, якую штогод арганізоўвае аналітычны праект «Belarus Security Blog». У Менску дыскутавалі эксперты з Польшчы, Украіны, Расеі і Малдовы. Пра выклікі нацыянальнай бяспекі ды месца нашай краіны на геапалітычнай мапе рэгіёну – сюжэт Ганны Любаковай і Кацярыны Андрэевай.

Мяжа з Расеяй. Самая працяглая лінія, якая злучае нашую краіну з іншай. І якая найменш кантралюецца. На Захадзе НАТО, а на поўдні Украіна, дзе чацвёрты год ідзе вайна.

«Расейская палітыка робіцца вельмі суб’ектыўная. І наколькі можна бачыць ва Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі вельмі дрэнныя асабістыя дачыненні, і каб дапячы Лукашэнку – Крэмль можа зрабіць пэўныя крокі, якія не маюць нейкіх аб’ектыўных падставаў і расейскіх інтарэсаў», – кажа арганізатар канферэнцыі Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog».

Хоць, паводле Андрэя Паротнікава, галоўны выклік нацыянальнай бяспецы – гэта палітыка саміх уладаў Беларусі, а не ўсходні вайсковы хаўруснік, якому Лукашэнка не дазволіў размясціць авіяцыйнай базы. Аднак польская даследчыца Беларусі думае цалкам іначай.

«Беларусь і Расея мелі б вызначыць, хто будзе галоўнакамандуючы і хто будзе даваць дазвол на старт самалётаў, якія будуць базавацца на гэтым аэрадроме. Відаць, што ёсць шмат пытанняў, якія трэба развязаць. Таму пакуль Расея вырашыла не размяшчаць базаў у Беларусі», – кажа Анна-Марыя Дынэр з Польсага інстытуту міжнародных справаў.

Расейскія самалёты, якія Масква планавала размясціць у Беларусі, прызямліліся ў Калінінградскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка пайшоў нават далей. Беларусь прапанавала даслаць сваіх міратворцаў на Данбас у межах місіі ААН.

«Беларусь не пойдзе на тое, каб дасылаць туды сваіх вайскоўцаў, пакуль сітуацыя з бяспекай не нармалізуецца. То бок пакуль будуць існаваць рызыкі і пагрозы для жыцця беларускіх міратворцаў – мне здаецца, што беларускі бок на гэта не пойдзе», – заяўляе Арсеній Сівіцкі, дырэктар менскага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

А калі і пойдзе, кажа беларускі эксперт, то толькі пасля стварэння дадатковых фармаванняў у беларускім войску.

Зрэшты, беларусы на ўкраінскім фронце ўжо ёсць – і ваююць па абодва бакі. Але наўрад ці гэта можа нейкім чынам зашкодзіць беларуска-ўкраінскім дачыненням, кажа Яўген Магда з Цэнтру грамадскіх дачыненняў з Украіны.

А нагоды могуць быць – напрыклад, шпіёнскія скандалы паміж Украінай і Беларуссю. Гэта і затрыманне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі летась у Менску, і цяперашні суд над беларусам Юрыем Палітыкай, якога ва Украіне вінавацяць у шпіянажы.

«Мяне больш хвалюе ў дадзеным кантэксце справа Паўла Грыба, якога на тэрыторыі Беларусі выкралі расейскія спецслужбы і якому цяпер расейскія спецслужбы інкрымінуюць падрыхтоўку да тэрарыстычнага акту, што, на мой погляд, абсурд. І гэта больш вострая праблема, чым праблема Шаройкі», – каментуе Яўген Магда.

А тым часам Беларусь і Украіна плануюць паглыбіць дыялог падчас першага Форуму рэгіёнаў абедзвюх краінаў у Гомлі. Відавочна, кажуць эксперты, што ў беларуска-ўкраінскім форуме найменш зацікаўленая менавіта Расея. І менавіта ва ўплыве расейскіх спецслужбаў у нашай краіне бачаць небяспеку як у Кіеве, гэтак і ў Менску.

«Палітыка – мастацтва магчымага. Сам факт, што апошняя сустрэча Лукашэнкі ды Парашэнкі адбылася на беразе Персідскай затокі, сведчыць пра апасенні наконт уплыву расейскіх спецслужбаў», – дадае Яўген Магда.

Беларуска-ўкраінскі форум плануюць правесці нягледзячы на тое, што раней з нашай краіны выслалі шэраг украінцаў, бо тыя былі ў чорным спісе Расеі. Цяпер жа не да крыўдаў: Кіеў зацікаўлены ў хоць і гібрыдным, але хаўрусніку. А Менск гэтак спрабуе дыстанцыявацца ад расейскага ўплыву.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Глядзі таксама
Каментары