Лукашэнка і Мугабэ: Мы – не геі!


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=MWqvUTudEXU”][vc_column_text]Генеральная асамблея ААН – месца, дзе, з пэўнасцю, спакойна могуць пачувацца кіраўнікі-дыктатары. І карыстаючыся магчымасцю, можна нават павучыць рэшту свету дэмакратыі.

Аляксандр Лукашэнка завершыў паездку ў Нью-Ёрк. На развітанне на агульнай дыскусіі ён застрашваў новымі міжнароднымі пагрозамі ды прапаноўваў інтэгравацца. Кіраўнік Беларусі знайшоў сваё месца між кіраўнікоў аўтарытарных краінаў.

Як прабрацца ў Злучаныя Штаты, калі ты ў чорным спісе Дзярждэпу? Трэба быць у спісе дэлегатаў сваёй краіны на Генеральнай Асамблеі ААН. Тут можна «на палях» сустрэцца з амерыканскім прэзідэнтам, а можна заадно і з расейскім. На Генасамблеі можна нават падняць чарку з тым, з кім звычайна на адным дыпламатычным полі размаўляць не сядзеш.

Аляксандр Лукашэнка ў Нью-Ёрк паехаў выказаць з трыбуны ўсё тое, што звычайна кажуць гледачам падкантрольныя яму тэлеканалы: свет на парозе гіганцкай вайны, і вінаваты ў гэтым Захад.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«У выніку вонкавага ўмяшальніцтва, экспарту «каляровых» рэвалюцыяў і штучнай змены рэжымаў раней стабільныя краіны пагрузіліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй».

Для Лукашэнкі гэтая трыбуна яшчэ цёплая пасля выступу мілага сябра Муамара Кадафі, якога няўдзячныя лівійцы пры падтрымцы заходняй кааліцыі зрабілі пажыццёвым кіраўніком Лівіі. Так што, паводле Лукашэнкі, ААН мусіць значна ўмацаваць сістэму міжнароднага права, каб ніхто не мог умешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дэмакратаў.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, МЕТАДОЛАГ, ФІЛОСАФ:
«Ён гаварыў тое, што прынята гаварыць у пэўным клубе, скажам так, краінаў-ізгояў ці дыктатарскіх краінаў, якія будуюць сваю вонкавую палітыку на антыамерыканізме».

Кіраўнік Беларусі, які пасля папярэдніх выбараў пасадзіў у турму ўсіх апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва, з трыбуны ААН цытаваў палітвязня Нэльсана Мандэлу і заклікаў да справядлівасці, але выступіў супраць людзей з «няправільнай» сексуальнай арыентацыяй.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
«Не хачу паглыбляцца ў гэтую праблему. Баюся завязнуць і потым трапіць пад лішнюю крытыку. Але так і хочацца спытаць: а дзяцей хто нараджаць будзе?»

Цікава, што супрацьстаяць нетрадыцыйным адносінам заклікаюць бацькі нацыяў, у якіх альбо жонкі зусім няма, альбо бывае адразу шмат.

Галоўнае, што за спрэчнай тэмай можна схаваць прыгнёт астатніх свабодаў.

РОБЭРТ МУГАБЭ, ПРЭЗІДЭНТ ЗІМБАБВЭ:
«Мы адкідваем спробы навязаць нам новыя правы, што супярэчаць нашым нормам, каштоўнасцям, традыцыям і веры. Мы – не геі!»

Але галоўная думка, якую на Генасамблеі агучваюць усе пажыццёвыя прэзідэнты: ніхто не мае права пагражаць кіраўнікам краінаў санкцыямі ды інтэрвенцыямі, нават калі яны парушаюць асноўныя правы чалавека ў дачыненні да сваіх грамадзянаў. Гэтак Уладзімір Пуцін у Нью-Ёрку абараняў ад ЗША і Еўразвязу легітымнасць свайго саюзніка Башара Асада, які расстрэламі мірных дэманстрацыяў распачаў грамадзянскую вайну ў Сірыі 4 гады таму.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
«Я з вялікай павагай стаўлюся да сваіх калегаў: і да амерыканскага прэзідэнта, і да французскага, – але яны, як мне вядома і як падаецца, не з’яўляюцца грамадзянамі Сірыйскай Рэспублікі, таму наўрад ці мусяць прымаць удзел у вызначэнні лёсаў кіраўніцтва іншай дзяржавы».

Пры гэтым Пуцін так і не прызнаў ваеннае ўмяшальніцтва Расеі ні ў Сірыі, ні на Данбасе.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
«На жаль, і гэта мы бачым з гадоў Халоднай Вайны, пляцоўка ААН і ўвогуле Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў застаецца такім элементам дыпламатычнай і нават гібрыднай вайны, дзе дзяржава-агрэсар, напрыклад, як Расея, апраўдваюць свае паводзіны, свае дзеянні».

Створаная дзеля падтрымання і ўмацавання міру ды бяспекі, сёння ААН не можа ўзяць і спыніць ваенныя канфлікты. Затое арганізатары гэтых канфліктаў могуць скарыстацца трыбунай Генасамблеі, як інструментам, ды паспрабаваць перацягнуць на свой бок як мага больш саюзнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў