Лукашэнка хоча цішыні. 150-ы дзень пратэсту завяршаецца ў Беларусі


Лукашэнка падчас візіту на «Гарызонт».
Фота: president.gov.by

Чарговы юбілей адзначыў беларускі паслявыбарны пратэст 5 студзеня. 150 дзён беларусы выходзяць, каб запатрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і пакарання вінаватых у злачынствах сілавікоў.

Лукашэнка стаміўся ад пратэстаў

Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня наведаў «Гарызонт», дзе сярод іншага пракаментаваў абвяшчэнне 2021 года Годам народнага адзінства.

«Я проста хачу пацвердзіць, што я гэта рабіў не для таго, каб нешта камусьці паказаць. Хоць і ў гэтым, напэўна, ёсць сэнс, каб людзі разумелі, што я не вораг уласнага народу і сам сабе перш за ўсё. Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэтае пытанне. Толькі выбары. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася», – сказаў ён, хоць менавіта мінулыя выбары і не жаданне Лукашэнкі прызнаць паразу і справакавалі гэты пратэст.

Знайшлася замена ПВТ?

Дзейны кіраўнік краіны таксама назваў «Гарызонт» альтэрнатывай Парку высокіх тэхналогіяў, прадстаўнікі якога актыўна далучыліся да сёлетніх пратэстаў. Таксама працаўнікі ПВТ склалі значную частку паслявыбарных мігрантаў з Беларусі.

У Дзяржынску 5 студзеня выйшлі падтрымаць правы і свабоды грамадзян Беларусі і роднага гораду.
Фота: чытачы belsat.eu

Разам з тым былы кіраўнік і адзін з заснавальнікаў ПВТ Валерый Цапкала, які сёлета балатаваўся ў прэзідэнты, заявіў, што сваімі словамі Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў неразуменне таго, што такое эканоміка і што такое прамысловасць, іх структура.

На яго думку, дастаткова паглядзець на сярэднія заробкі на «Гарызонце» і ў ПВТ, каб зразумець ці з’яўляецца дзяржаўны холдынг альтэрнатывай і ці сапраўды на гэтай базе можна будаваць будучыню Беларусі.

Між тым ІТ-сфера працягвае выказваць пратэст супраць дзеянняў уладаў. Гэтак, кампанія EPAM, а яшчэ раней і мабільны аператар A1, раскрытыкавалі павышэнне падаткаў у Беларусі для сферы высокіх тэхналогіяў з 1 студзеня. Паводле іх, гэта не спрыяе эканамічнаму развіццю краіны.

Расследаванне забойства Шарамета працягваецца

Між тым у Міністэрстве ўнутраных справаў Украіны заявілі, што апублікаваныя напярэдадні запісы 2012 года, на якіх, імаверна, беларускія спецслужбы абмяркоўваюць намер забіць журналіста Паўла Шарамета выбухоўкай, адпавядаюць цяперашняй версіі следства.

Ва ўкраінскім МУС спадзяюцца, што гэтая новая інфармацыя зможа дапамагчы ў пошуку замоўцаў і арганізатараў забойства.

Партызаны Серабранкі выходзяць кожны дзень.
Фота: чытачы belsat.eu

А расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, забойства якога, як заяўляецца, таксама абмяркоўвалі беларускія сілавікі, разлічвае, што гэтыя звесткі дапамогуць перамагчы рэжым Лукашэнкі.

«Я спадзяюся, што на гэта ўсё адрэагуе Расейская Федэрацыя. Я вельмі спадзяюся, што адрэагуе сусветная супольнасць, у прыватнасці, еўрапейская, і Амерыка. І я думаю, што ўрэшце мы зможам пабароць гэты дыктатарскі рэжым, які дзейнічае ў нашай роднай краіне Беларусі», – сказаў ён.

Рэпрэсіі і пратэсты працягваюцца

Улады ж пакуль працягваюць рэпрэсіі. Абвяшчаюць чарговыя прысуды і ладзяць чарговыя ператрусы.

Беларусы ж працягваюць зноў і зноў выходзіць на акцыі пратэсту і салідарнасці. Як на Радзіме, гэтак і ў дыяспары.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў