Лукашэнка хоча наведаць магілу Фідэля Кастра


Пра намер паехаць на Кубу кіраўнік Беларусі заявіў падчас сустрэчы з амбасадарам Кубы Херарда Суарэсам Альварэсам. Дыпламат завяршае сваю місію ў Беларусі.

Лукашэнка папрасіў Альварэса «перадаць ягонаму сябру Раулю (дзейсны кіраўнік Кубы – заўвага belsat.eu) самыя цёплыя пажаданні».

«Я думаю, што мне ўдасца ў найбліжэйшы час пабываць на Кубе. У мяне ёсць абавязак перад Фідэлем. Я павінен пабываць у яго на магіле», – заявіў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь заўсёды гатовая дапамагчы Кубе.

«У нас склаліся нядрэнныя адносіны ў сферы эканомікі. У палітыцы ў нас увогуле няма ніякіх праблем. У нас адзіныя погляды на сусветны парадак дня», – адзначыў кіраўнік Беларусі.

Беларусь экспартуе на Кубу грузавыя аўтамабілі, трактары і седлавыя цягачы, шыны, калійныя ўгнаенні, прычэпы і паўпрычэпы, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў. Аб’ём двухбаковага гандлю ў студзені-жніўні 2017-га года склаў $ 50,4 млн.

Цікава, што калі Фідэль Кастра памёр, Лукашэнка не паехаў на цырымонію яго пахавання.

Тады з былым кіраўніком Кубы ад Беларусі развітаўся спецыяльны прадстаўнік – кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман.

Кіраўнік Беларусі калісьці заявіў, што «Фідэль для нас заўсёды быў увасабленнем мужнасці». Ён называў Фідэля «мысляром, замены якому пакуль няма» і адзначаў, што «саветы лідара кубінскай рэвалюцыі будуць і надалей дапамагаць яму ў дзяржаўнай дзейнасці і асабістым жыцці».

У свой час прэзідэнты абодвух краінаў падтрымлівалі шчыльныя кантакты і праводзілі доўгія нефармальныя размовы. Пазней кіраўнік Беларусі прызнаваўся, што гэтыя сустрэчы зрабілі на яго «непазбыўнае ўражанне».

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў