Лукашэнка фактычна прызнаў, што Расея ваюе супраць Украіны


Лукашэнка на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Фота - president.gov.by

На сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі на адрас афіцыйнага Менску пра тое, што Беларусь пастаўляе ва Украіну дызельнае паліва, якое ў далейшым выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах. Пры гэтым ён не ўдакладніў, ад каго канкрэтна сыходзяць гэтыя папрокі.

«У апошні час нас пачалі папракаць, што мы запраўляем танкі (украінскія – заўв. belsat.eu) дызельным палівам. Я даручыў разабрацца, якое там дызельнае паліва. Калі мне далажылі (я толькі што даведку другі раз прачытаў), там жа ўсё дызельнае паліва расейскае. і расейцы пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы гэтых паставак – бензіну і дызельнага паліва – ва Украіну. Дык як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расея? і хто запраўляе гэтыя танкі? А нашы абʼёмы змяншаюцца. Нас проста выштурхваюць з украінскага рынку. І не толькі па нафтапрадуктах. Гэтак сама па ўгнаеннях і іншых пазіцыях. Ідзе канкурэнцыя. А нас пачынаюць у гэтым папракаць», – цытуе Лукашэнку ягоная прэ-служба.

Цікава, што Лукашэнка, задаўшы рытарычнае пытанне, хто насамрэч ваюе з Украінай, дэ-факта прызнаў – гэта расейска-украінская вайна. Звычайна ён выкарыстоўваў для вайны на Данбасе ўніклівыя фармулёўкі кшталту «бяда» або «непаразуменне», але не казаў, хто з кім там ваюе.

«Мазаічны» падыход Лукашэнкі да канфлікту на Данбасе. ТОП-10 цытатаў пра расейска-украінскую вайну

Лукашэнка заявіў, што зброя, якая трапляе ў Беларусь з Украіны, насамрэч ідзе праз расейскую мяжу. Хаця яшчэ ў верасні 2018 года ён казаў пра неабходнасць «умацавання мяжы з Украінай», бо адтуль нібыта ідзе шмат зброі.

«І што самае страшнае (нас расейцы часам папракаюць: вось, у вас там праз мяжу…), праз расейскую мяжу (з Украінай. – заўвага. belsat.eu) ідуць, а потым да нас заходзяць праз адкрытую беларуска-расейскую мяжу, – расказаў 18 студзеня Лукашэнка. – Зразумела, гэта камусьці трэба. Проста так жа вазіць не будуць з рызыкай. Яно камусьці тут трэба. І мы ўжо ўбачылі, каму яно трэба было».

Лукашэнка загадаў закрыць «для бандытаў» мяжу з Украінай

Лукашэнка таксама зняпраўдзіў датычнасць Беларусі да кантрабанды ўкраінскіх санкцыйных тавараў у РФ.

«Беларусамі і не пахне там. Калі беларусы і патрэбныя, то нейкую прыватную структуру могуць падцягнуць да гэтага, каб падказалі, як лепш праехаць па Беларусі», – адзначыў ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары