Лукашэнка: Еўразвяз можа паспрыяць эканамічнай незалежнасці Беларусі


«Мы заўсёды падтрымлівалі вас, што тычылася вашых інтарэсаў у Беларусі і ва ўсходнім напрамку», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Менску з дэлегацыяй Камітэту па палітыцы і бяспецы Рады ЕЗ.

«З адменай у лютым 2016 года Еўразвязам у дачыненні да Беларусі большасці абмежавальных захадаў склалася зусім новая спрыяльная сітуацыя для нашай супрацы. Мы маем унікальны шанец зрабіць яго сапраўды ўзаемавыгадным, накіраваным на эканамічнае развіццё, на карысць народаў нашых краін», – цытуе Лукашэнку прэс-служба лідара Беларусі.

Першым пазітыўным вынікам рознабаковага ўзаемадзеяння ён назваў стварэнне каардынацыйнай групы Беларусь-ЕЗ, якая зʼяўляецца новым фарматам вядзення палітычнага дыялогу.

«На жаль, у сваіх адносінах Беларусь і Еўразвяз па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, якія закладзеныя больш як чвэрць стагоддзя таму і не ўлічваюць новых геапалітычных рэаліяў. Давайце разам падумаем, як мы можам рушыць наперад у гэтым пытанні», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што ЕЗ можа паспрыяць эканамічнай незалежнасці Беларусі. «Адчувальным унёскам ЕЗ ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць ліквідацыя абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў на рынак Еўразвязу, садзейнічанне ў выбудоўванні адносін з Міжнародным валютным фондам і павышэнне пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця, актывізацыя перамоў аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён падкрэсліў, што нават у тыя часы, калі з боку ЕЗ былі ўведзеныя эканамічныя і іншыя санкцыі, Беларусь прапарцыйна на іх не адказвала.

Дэлегацыя Камітэту ЕЗ па палітыцы і бяспецы наведвае Беларусь 21 лістапада. Яе ўзначальвае старшыня камітэту Вальтэр Стывенс. Запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Упершыню ЕЗ увёў абмежавальныя захады адносна кіраўніцтва Беларусі ў 1998 годзе. У 2008 годзе санкцыі былі адмененыя, аднак у 2011 годзе іх увялі зноў – пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і арыштаў удзельнікаў Плошчы-2010.

У канцы 2015 года санкцыі ў адносінах да большасці абʼектаў у Беларусі былі прыпыненыя. 28 лютага 2016 года ўступіла ў сілу рашэнне Рады ЕЗ адмяніць санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў