Лукашэнка: На месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму


Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў рэзанансавую справу са звальненнем і аднаўленнем на працы гомельскай настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Гомля Людмілы Чацвяртковай, якая пагражала забіць свайго вучня, падае БелТА.

«Справа ў тым, што вы не пачулі мяне на лінейцы, калі я адкрываў новую школу ва Уруччы, што ў нас бардак у школе. І гэты парадак трэба наводзіць. Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося, – заявіў Лукашэнка. – А пачынаецца адсюль – са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сеткі. І гэта ў чацвёртым класе».

Губернатару Гомельскай вобласці Генадзю Салаўю кіраўнік краіны сказаў, што ў таго «куля праляцела каля вуха».

«Бо ты там яшчэ без году тыдзень. А то табе было б, што і іншым, – заявіў Лукашэнка. – Паехалі, зладзілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А калі апісаліся, узялі і пакаралі беднага настаўніка. Ды я б на месцы гэтага настаўніка галаву б адвярнуў шчанюку нейкаму».

«Судзілі ды раіліся, стрэлачніка знайшлі. Глядзіце глыбей!», – заявіў Лукашэнка.

Паводле яго, тэлефоны, з дапамогай якога і быў зроблены відэазапіс пагрозы настаўніцы вучню, адцягваюць увагу дзяцей ад заняткаў.

«Яны перастаюць думаць. Яны нават лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць, таму што адкрывае тэлефон і перамнажае там. Або шукае адказы на пытанні. Няўжо гэта нельга зразумець? У мяне сын ані разу тэлефон у школу не ўзяў», – працягнуў кіраўнік краіны.

Паводле Лукашэнкі, ён не згодны з нядаўняй справаздачай міністра адукацыі, што ў школе «ўсё выдатна».

«Ды не выдатна. Калі такі бардак у школе, не патрэбныя ані падручнікі, ані праграмы, ані новыя метадычкі. Усё гэта пустое марнаванне грошай», – дадаў Лукашэнка.

18 верасня стала вядома, што настаўніцу аднавілі на працы пасля асабістага ўмяшання ў сітуацыю Аляксандра Лукашэнкі.

«Было прамое даручэнне, калі хочаце, загад кіраўніка дзяржавы аб аднаўленні на працы Людмілы Іванаўны. Настаўніца будзе працаваць на ранейшай пасадзе. Людміла Іванаўна выкладае ў гэтай школе 35 гадоў», – сказаў старшыня Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын «Гомельскай праўдзе».

Паводле «Tut.by», 19 верасня Людміла Чацвярткова вяла заняткі ў сваім класе.

Меркаванні
Школа мату. Ці колькі словаў пра гомельскую настаўніцу
2019.09.19 10:54

На мінулым тыдні ў інтэрнэце быў апублікаваны відэазапіс, як настаўніца пагражае забіць вучня партай. Пасля гэтага настаўніцу звольнілі.

Пасля гэтага меркаванні грамадства падзяліліся. На бок настаўніцы стала не толькі вялікая частка каментатараў у інтэрнэце, але і некаторыя бацькі вучняў гомельскай школы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў