Прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі падпісалі адкрыты ліст у падтрымку беларускіх пратэстаў


На сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» апублікаваны адкрыты ліст расейскіх дзеячаў культуры з нагоды апошніх падзеяў у Беларусі.

Аўтары звароту адзначаюць, што імкненне беларусаў абараніць свае грамадзянскія правы з дапамогай мірных пратэстаў і негвалтоўных акцыяў выклікае «шчырую падтрымку і спагаду». Прадстаўнікі інтэлігенцыі «глыбока абураныя» тым, што ўлада аддае перавагу гвалту, а не дыялогу з грамадствам.

«Дзеянні сілавікоў неадэкватныя сітуацыі. Ёсць забітыя, сотні людзей збітыя, некаторыя грамадзянскія актывісты арыштаваныя, іншыя – выдвараны з краіны. Сярод іх і Святлана Ціханоўская, якая вымушана знаходзіцца за мяжой. Спроба расправы з адным з лідараў мірнага пратэсту Марыяй Калеснікавай выклікае пачуццё глыбокага абурэння. Аляксандру Лукашэнку здаецца, што ён дэманструе сілу – не, ён дэманструе бяссілле»

Прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі выказваюць упэўненасць, што мірныя пратэсты ўсё-ткі прымусяць улады Беларусі сесці за стол перамоваў.

«Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму вольнай і дэмакратычнай краінай, дзе няма вышэй каштоўнасці, чым права чалавека на годнае жыццё і свабоду. Вінаватыя ў здзеках з грамадзянаў сваёй краіны павінны быць пакараныя. Выказваем сваю падтрымку тым, хто кожны дзень мірна і без зброі выходзіць на вуліцы беларускіх гарадоў адстойваць сваю свабоду».

На дадзены момант пад лістом паставілі свой подпіс не менш за 20 чалавек. Сярод іх – музыка Андрэй Макарэвіч, дырыжор Уладзімір Співакоў, пісьменнік Дзмітрый Быкаў, рэжысёры Павал Лунгін, Уладзімір Мірзоеў, Павел Чухрай і Андрэй Смірноў. Ліст застаецца адкрытым для падпісання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў