Лукашэнка дазволіў прыватнай ахоўнай службе ўжываць зброю


Кіраўнік Беларусі падпісаў указ № 227, якім надаў ТАА «ГардСэрвіс» права аказваць ахоўныя паслугі. Дакумент быў афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

ТАА «ГардСэрвіс» дазволена з захаваннем патрабаванняў заканадаўства набываць ва ўласнасць, захоўваць і перадаваць сваім працаўнікам службовую і грамадзянскую зброю і боепрыпасы да яе для аказання ахоўных паслуг. Пра дамовы на аказанне ахоўных паслуг неабходна інфармаваць Міністэрства ўнутраных спраў.

Кампанія можа ахоўваць аб’екты і маёмасці, прымаць сігналы трывогі сістэм ахоўнай і трывожнай сігналізацыі і рэагаваць на іх, перавозіць і ахоўваць маёмасць, суправаджаць тавары і транспартныя сродкі, праектаваць, мантажаваць, наладжваць і абслугоўваць сродкі і сістэмы аховы.

Супрацоўнікамі ТАА «ГардСэрвіс» павінны быць грамадзяне Беларусі. Яны мусяць праходзіць праверку ў органах унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі ды адпавядаць патрабаванням, устаноўленым для работнікаў ваенізаванай аховы. Пры выкананні службовых абавязкаў яны могуць насіць, захоўваць, ужываць і выкарыстоўваць службовую i грамадзянскую зброю, адмысловыя сродкі і фізічную сілу ў парадку як для працаўнікоў ваенізаванай аховы.

ТАА «ГардСэрвіс» было зарэгістраванае 20 лістапада 2019 года ў Менску.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў