Лукашэнка дазволіў прадаваць дзяржаўнае жыллё, якое не адпавядае санітарным і тэхнічным патрабаванням


Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка падпісаў Указ № 121 «Аб жыллёвых стасунках», які прадугледжвае магчымасць продажу дзяржаўных аднакватэрных жылых дамоў. Гаворка ідзе пра дамы, якія знаходзяцца ў кепскім стане.

Пра гэта паведамляецца на сайце кіраўніка дзяржавы.

«Указам прадугледжана магчымасць продажу заселеных дзяржаўных аднакватэрных жылых дамоў (кватэраў у блакаваных дамах), якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням, ва ўласнасць наймальнікам гэтых жылых памяшканняў па ацэначным кошце. Адной з умоваў такога продажу з’яўляецца абавязак пакупнікоў па рамонце (рэканструкцыі) гэтых жылых памяшканняў для прывядзення іх у стан, прыдатны для выкарыстання па прызначэнню», – адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Акрамя таго, указ дае права аблвыканкамам і Менгарвыканкаму прымаць паніжальны каэфіцыент да памеру платы за арэнднае жыллё для некаторых катэгорыяў грамадзянаў.

Прадугледжана таксама, што да 40 % грашовых сродкаў, якія паступаюць на спецыяльныя рахункі ў якасці платы за карыстанне арэндным жыллём, могуць быць накіраваныя на бягучы рамонт незаселенага арэнднага жылля.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў