Лукашэнка дазволіў прадпрымальнікам працаваць без дакументаў на тавары да пачатку 2016 года


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога падоўжаны да 1 студзеня 2016 года пераходны перыяд, падчас якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных без пацвярджальных дакументаў.

Адпаведныя змены ўнесены ва ўказ ад 16 траўня 2014 года № 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі», падае telegraf.by.

Пры рэалізацыі гэтых тавараў прадпрымальнікі будуць плаціць павышаны адзіны падатак (каэфіцыент 2). У чатыры этапы для іх будзе павялічвацца таксама фіксаваная сума падатку на дададзеную вартасць. Адбывацца гэта будзе за кошт ужывання павышальных каэфіцыентаў: 2 – з 1 па 31 сакавіка; 2,5 – з 1 красавіка па 30 чэрвеня; 3 – з 1 ліпеня па 30 верасня; 4 – за перыяд з 1 кастрычніка па 31 снежня 2015 года, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Каб стымуляваць набыццё прадукцыі ў легальных вытворцаў і пастаўшчыкоў, тым, хто будзе мець дакументы на ўсе рэалізуемыя тавары, дазваляецца перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання з 1 красавіка, з 1 ліпеня ці з 1 кастрычніка 2015 года.

Указ выразна рэгламентуе рэалізацыю тавараў фізічнымі асобамі Беларусі і замежнымі грамадзянамі. Уводзіцца забарона на продаж тавараў на вуліцах, стадыёнах, у скверах, парках, грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах, за выключэннем месцаў, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Раней на спатканні з Лукашэнкам беларускія прадпрымальнікі самі прапанавалі пакінуць магчымасць гандляваць без дакументаў, але пры гэтым паэтапна павялічваць падатковую нагрузку для іх.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў