«Лукашэнка даў мне карт-бланш, і я ганаруся гэтым». Вялікае інтэрв’ю Васкрасенскага парталу TUT.BY


Юры Васкрасенскі

Юрый Васкрасенскі, які два месяцы правёў у ізалятары як абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пайшоў на актыўную супрацу з уладамі Беларусі, даў вялізнае інтэрв’ю TUT.BY. Вось галоўныя цытаты з гутаркі.

Васкрасенскі – пра сваю задачу

З вечара 11 кастрычніка, з моманту майго вызвалення, я ў рэжыме 24/7 займаюся рэалізацыяй тых задачаў, якія мне паставілі і Лукашэнка, і ўдзельнікі круглага стала [на сустрэчы палітвязняў з А. Лукашэнкам у СІЗА КДБ. – Белсат]. Першая задача датычыць Канстытуцыі, другая задача, і на дадзеным этапе яна асноўная, – вызваленне людзей з следчых ізалятараў шляхам пераводу іх пад хатні арышт, асабістае даручальніцтва, – розныя захады стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Пра сустрэчы ў СІЗА КДБ

– Дыялог з усімі ўдзельнікамі быў на роўных. Толькі адзін удзельнік сустрэчы пастаянна хаміў, Ціханоўскі. Ён хаміў некалькі гадзінаў, пакуль Лукашэнка не супакоіў яго сваёй аўрай.

Даведка

Юрый Васкрасенскі выйшаў на волю на наступны дзень пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Пазней захада стрымання была змененая яшчэ для шасці чалавек: гэта трое фігурантаў справы «PandaDoc», адвакат Ілля Салей, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў, юрыст і медыятарка Лілія Уласава. Самому Васкрасенскаму змянілі захаду стрымання з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах 16 кастрычніка.

– Лукашэнка запісваў меркаванне ўсіх, ён апаніраваў вельмі эфектна.

– Ціханоўскі ўвесь час спрабаваў вырашыць нейкія свае дробныя пытанні, пра тэлевізар, напрыклад… Ён сядзіць у Жодзіна ў адзіночцы, і тэлевізар у яго ёсць, выдатныя ўмовы. Ніхто яго не бʼе, не катуе. Я асабіста потым у яго гэта спытаў, калі на наступны дзень мы разам парыліся ў лазні. Так, казаў, прэсавалі ў СІЗА на Валадарскага, але цяпер кажа, што сядзіць у Жодзіна ў адзіночцы, што ніхто яго не чапае, нармальна сядзіць.

Палітвязень Віталь Шкляраў адпушчаны з СІЗА пад асабістае паручальніцтва Юрыя Васкрасенскага. Пра гэта медыям паведаміў сам Васкрасенскі, інфармацыю пацвердзіў і адвакат Шклярава Антон Гашынскі. Віталю Шкляраву змянілі меру стрымання на хатні арышт. Таксама з СІЗА выйшлі Лілія Уласава і Ілля Сайлей.

Пра вызваленне палітзняволеных

Хачу звярнуцца да калегаў з Каардынацыйнай рады і спецыялістаў у галіне вызвалення палітвязняў з просьбай памаўчаць, пакуль усе са спісу не будуць на волі. Калі ласка, устрымайцеся ад негатыўных каментароў і прыпісвання заслугаў сабе. Вы не маеце да гэтага ніякага дачынення, уладам Беларусі ваш шантаж да бэзавай зоркі, гэта Лукашэнка сказаў і на сустрэчы. А лепш – пацісну руку, якую працягнула ўлада, ацэніце гэты ўчынак.

Пра даручэнне Лукашэнкі

Лукашэнка даў мне некаторы карт-бланш, якім я ганаруся. Тэрмін яго дзеяння мне невядомы. І я для сябе вырашыў, што зраблю ўсё, у тым ліку карыстаючыся тым, што вельмі спадабаўся Лукашэнку. Я зраблю ўсё, каб усе палітвязні выйшлі на волю. І калі трэба будзе камусьці чысціць чаравікі, каб выйшаў Бабарыка, я гэта буду рабіць, нягледзячы на тое, што выдатна разумею, што потым Бабарыка, магчыма, скажа нешта крытычнае на мой адрас. Я раблю добрую справу – дзякуючы Лукашэнку і следчым органам.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пра супрацу з КДБ

Я ніколі не супрацоўнічаў і не супрацоўнічаю ні з адной са спецслужбаў – ні КДБ, ні ЦРУ. Проста КДБ і следства ўбачылі ўва мне велізарны патэнцыял, а пасля – дзяржСМІ і Лукашэнка.

Пра пазітыўны парадак дня

Віктар Бабарыка заўсёды нёс пазітыўны парадак дня. А Nexta ды іншыя телеграм-каналы пасля выбараў узялі ініцыятыву ў свае рукі ды падзяляюць людзей, заклікаюць размалёўваць будынкі, разбураць камунікацыі. Гэта негатыўная павестка, яна не мае перспектывы. А я хачу, каб і ва ўладзе, і ў апазіцыі яна была пазітыўная, каб усе выйшлі з крызісу без ультыматумаў. І калі для гэтага трэба выкарыстоўваць дзяржСМІ, якія я стаў вельмі моцна паважаць, я буду гэта рабіць, усе мае інтэрвʼю выйшлі без цэнзуры.

Меркаванні
Хто каго і куды выпусціў? І прычым тут Васкрасенскі?
2020.10.20 00:48

Пра вяртанне лідараў пратэстаў з-за мяжы

Хай Латушка і Цапкала вяртаюцца, застаюцца са сваім народам і будуць лідарамі. Я ўпэўнены, што ніхто іх не затрымае.

Пра ўльтыматум Лукашэнку

Гэтае патрабаванне [каб Лукашэнка сышоў з пасады прэзідэнта. – Белсат] тупіковае, таму што Цэнтральная выбарчая камісія зацвердзіла вынікі галасавання, Лукашэнка ўступіў на пасаду. Каму перадаць уладу? Як перадаць уладу? На якіх падставах? Бо ёсць шмат ягоных прыхільнікаў, асабліва за МКАДам.

Пра наступныя тэрміны Лукашэнкі

Ён [Лукашэнка] даў слова ўсім удзельнікам круглага стала, што наеўся прэзідэнцтва, што гэта ягоны апошні тэрмін: «Даю вам слова, рабяты». Я яму веру, усё ж такі ў мяне дыплом антыкрызіснага кіраўніка, і я адчуваю такія моманты.

Паводле TUT.BY / belsat.eu

Стужка навінаў