Лукашэнка: Беларусь чакае «палітычная вакханалія» мінімум на паўтара года


Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння шэрагу чыноўнікаў 13 лістапада заявіў, што Беларусь неўзабаве чакае «палітычная вакханалія» і працягнецца яна «мінімум паўтара года», а выбарчая кампанія «ніколі не дадавалі стабільнасці грамадству».

Звяртаючыся да новапрызначаных «кіраўнікоў на месцах» Лукашэнка сказаў, што «палітычная кампанія – гэта іспыт», і такіх іспытаў давядзецца здаваць адразу два.

«Будучы год – гэта год сур’ёзны. У нас пачынаецца палітычная «вакханалія«, якая працягнецца мінімум паўтара года. І выбары парламента, і прэзідэнта. Яны ніколі не дадавалі стабільнасці і спакою ў нашым грамадстве», – цытуе кіраўніка краіны яго прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, трэба будзе «даваць справаздачу перад народам», а «нашы людзі ўмеюць пытаць».

У сваёй прамове ён у чарговы раз падкрэсліў намер змагацца з карупцыяй.

«Барацьба з карупцыяй – гэта непахіснае маё патрабаванне і мае дзеянні з першага дня майго прэзідэнцтва. Не таму, што я хачу здацца такім крутым. Пытанне не ў гэтым. Карупцыя зʼядае ўсё. Гэта іржа», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў ад новапрызначаных чыноўнікаў праяўляць уласную ініцыятыву.

«Працаваць па прынцыпе «чаго жадаеце?« катэгарычна забараняецца. Вы павінны быць актыўнымі ў прыняцці рашэнняў».

«Адзінае, пра што я вас папрашу: каб вы, прыйшоўшы на працу, не займаліся паднясеннем нейкіх папераў. Вы кіраўнікі, і ў рот глядзець, нават начальству, забараняецца».

Нагадаем, 13 лістапада Лукашэнка правёў шэраг кадравых перастановак. Сярод іншых, былі прызначаныя новыя намеснікі міністраў культуры, эканомікі, фінансаў і энергетыкі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў