Аляксандр Класкоўскі Лукашэнка атрымаў «стэрыльную» Палату

палітычны аглядальнік, публіцыст

Аляксандр Лукашэнка на 506 участку для галасавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, 2019/11/17, Мінск. Фота – Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Умоўная інтрыга на сумных, анемічных беларускіх парламенцкіх выбарах вырашылася на карысць цалкам маркотнага варыянту. У новым складзе Палаты прадстаўнікоў не будзе ніводнага апазіцыянера.

Сцвярджэнне, што ў Беларусі галасы не лічаць, а «малююць», для палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі даўно стала аксіёмай. І хада цяперашніх выбараў не давала падставаў меркаваць, што ўлада перакавалася, стала больш дэмакратычнай. Але ўсё ж падстава для варожбаў на кававай гушчы была.

За месяц да выбараў «Белсат» угадаў 101 са 110 будучых дэпутатаў

Варажылі, ці стануць улады улагоджваць Захад

Так, адразу было відаць, што лібералізацыі на гэтых выбарах чакаць не варта. Улады не ўлічылі ні воднай з рэкамендацыяў АБСЕ адносна паляпшэння выбарчага заканадаўства. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што бюлетэні на ўчастках пры падліку галасоў паказвацца назіральнікам не будуць.

Апазіцыю жорстка адсеклі ад выбаркамаў, шэраг яркіх яе прадстаўнікоў адсеялі на этапе рэгістрацыі кандыдатаў, іншых здымалі з дыстанцыі ўжо пасля рэгістрацыі, абвінавачваючы ў парушэннях, самыя вострыя выступы не траплялі ў эфір і на палосы дзяржаўных газет…

Але палітызаваная публіка працягвала дыскутаваць, ці прапусціць Лукашэнка ў Палату пару-тройку апазіцыянераў (вядома, не самых языкатых), каб залагодзіць Захад. Бо з ім у апошнія гады Менск вядзе палітычную гульню, каб нармалізаваць адносіны і пашырыць прастору для манеўру ва ўмовах, калі Масква прыціскае.

«Гэта тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы»

Сам афіцыйны лідар учора на выбарчым участку ў Менску адрынуў сцвярджэнне, што ўлада загадзя размеркавала мандаты, ды заявіў: «Што ў мяне на стале ўжо «ляжаць» 110 дэпутатаў, якіх абяруць, – гэта смех». І дадаў:

«Якая розніца прэзідэнту, будзе там тры-чатыры ашалелых апазіцыянера ці не? Яны ж не будуць вызначаць палітыку парламента і, тым больш, краіны».

У Палаце прадстаўнікоў стала больш партыйных. Камуністы – на першым месцы

Што праўда, то праўда: беларускі Нацыянальны сход іншыя крытыкі называюць аддзелам прэзідэнцкай адміністрацыі – настолькі ён абціснутых у сваіх паўнамоцтвах і кантролі. І пара іншадумцаў у ранейшым складзе ніжняй палаты – Алена Анісім ды Ганна Канапацкая – не здзейснілі там рэвалюцыі. Аднак цяпер, відавочна, было вырашана не рызыкаваць зусім, перастрахавацца на 300%.

А тое, што пры фармаванні парламента выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс, самі высокія чыноўнікі не асабліва і хаваюць, называючы гэта падтрыманнем канструктыўных сіл. Лукашэнка некаторы час назад практычна адкрытым тэкстам даваў устаноўку, колькі ў новым складзе заканадаўчага органа пажадана мець дасведчаных людзей з папярэдняга склікання, колькі жанчын і інш.

Па выніках аказалася, у прыватнасці, што мандаты зноў атрымаюць 30 дзейных дэпутатаў. Каментуючы лічбу, Ярмошына без хітрыкаў заявіла:

«Гэта тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы, што пажадана, калі траціна парламента будзе пераходзіць у новае скліканне».

Сярод новых дэпутатаў 40 % – жанчыны

Паміж Менскам і Масквой згушчаюцца хмары

І хаця Лукашэнка сцвярджаў, што яму, маўляў, няма розніцы, ці будзе ў парламенце некалькі палітычных праціўнікаў, на самой справе розніца ўсё ж ёсць. У шостым скліканні Анісім і Канапацкая церабілі непрыемнымі пытаннямі, посцілі ў Фэйсбук закулісныя сакрэты – карацей, былі раздражняльнікам.

А цяпер раздражняльнікі правадыру зусім ні да чаго. Ён і сам раздражнёны, мяркуючы па ўчорашняй рэзкай заяве «на які хрэн патрэбен каму такі саюз?» Гэта, хто не ў курсе, пра саюз з Расеяй.

Лукашенко об интеграции с Россией: На хрена нужен кому такой союз?

Раней, калі Масква давала танную нафту і газ, гэта патэтычна называлася брацкай інтэграцыяй. Цяпер, як бачым, тон рэзка змяніўся. Таму што Крэмль узяў за горла патрабаваннем «паглыбляць інтэграцыю», а вось вырашаць эканамічныя пытанні не спяшаецца.

Учора беларускі кіраўнік заявіў, што «калі не будуць вырашаныя нашыя прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых тавараў, па зняцці бар’ераў, ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаныя».

Іншымі словамі, прызначанае на 8 снежня падпісанне двума прэзідэнтамі праграмы «паглыблення інтэграцыі» можа і сарвацца.

Ці ўчыніць Лукашэнка Пуціну скандал з біццём інтэграцыйнага посуду?

Ўсе шрубкі мусяць быць надзейнымі

А гэта абяцае Лукашэнку вялікі дыскамфорт. Тады Масква ўжо дакладна не дасць бонусаў і нават наадварот – мацней прыкруціць кран эканамічнага падтрымання. А таксама можа разгарнуць сваю гульню на прэзідэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца летам наступнага года. Ды і незадаволенасць уласнага насельніцтва пры пагаршэнні эканамічнай сітуацыі будзе нарастаць.

Навошта пры такой перспектыве мець у парламенце нават жменьку крытыкаў? Лішні галаўны боль. Будуць зліваць таямніцы мадрыдскага двара, бударажыць і так знерваванае грамадства і наагул чорт ведае што могуць пра сябе ўявіць ва ўмовах палітычнай турбулентнасці.

Але нават калі «паглыбленую інтэграцыю» падпішуць, ранейшых тоўстых субсідыяў ад Расеі ўжо не відаць. Эканоміка без рэформаў будзе стагніраваць і дэградаваць. А Крэмль услед за эканамічнай інтэграцыяй непазбежна стане навязваць палітычную. Што таксама надасць жарсці крытыкам рэжыму: мы ж казалі – нельга гуляць з імперыяй!

Лукашэнка ў пастцы, або Не гуляйце з імперыяй

Увогуле, беларускаму кіраўніцтву не да раскошы, не да таго, каб улагоджваць Захад. Там пераб’юцца, не стануць згортваць нармалізацыю, у якую ўжо шмат уклалі. Канструктару ж аўтарытарнай беларускай сістэмы важна, каб усе шрубкі ў ёй былі надзейнымі. Наперадзе ў Лукашэнкі цяжкія дні.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары