Лукашэнка атрымаў у 20 разоў менш грошай, чым хацеў


Маскве ўсё больш складана фінансаваць беларускі рэжым.

Урад Беларусі чакае, што ў самы бліжэйшы час у бюджэт краіны паступіць $ 110 млн. расейскага крэдыту. Эксперты выказваюць версіі адносна таго, чаму сума апынулася настолькі сціплай і ці здолее яна вырашыць эканамічныя праблемы Беларусі, падае nr2.com.ua.

Міністэрства фінансаў Беларусі і адпаведнае міністэрства Расеі сёлета 27 сакавіка падпісалі ў Маскве пагадненне аб фінансавым падтрыманні нашай краіны. Дамова прадугледжвае выдзяленне фінансавых рэсурсаў у расейскіх рублях на суму, эквівалентную $ 110 млн тэрмінам на 10 гадоў, уключаючы 4-гадовы ільготны перыяд, гаворыцца ў паведамленні беларускага Міністэрства фінансаў.

Пры гэтым у паведамленні расейскага ўраду адзначаецца, што ўмовай атрымання крэдыту з’яўляецца адсутнасць пратэрмінаваных даўгоў перад Расеяй і антыкрызісным фондам Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС).

Выдзяленню крэдыту папярэднічала заява прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева аб тым, што Расея ў якасці фінансавага падтрымання «працягне існыя крэдытныя абавязальніцтвы» пры ўмове, што «беларускія сябры» аператыўна здымуць праблемы, «якія, так ці інакш, узнікаюць у гандлёва-эканамічнай сферы». Ніякіх тлумачэнняў адносна таго, дзеянні якіх менавіта пагадненняў будуць працягнуты, так і не паступіла ні з таго, ні з другога боку.

Беларусь разлічвала атрымаць ад Расеі $ 2,5 млрд, матывуючы свае просьбы тым, што менавіта цесная сувязь з расейскай эканомікай стала прычынай эканамічных праблемаў Беларусі. У прыватнасці, па інфармацыі беларускіх уладаў, толькі праз дэвальвацыю расейскага рубля краіна страціла больш за $ 700 млн. Плюс зніжэнне попыту на беларускія тавары ў Расеі, харчовыя абмежаванні з боку РФ, зніжэнне кошту нафты і нафтапрадуктаў, а з імі і тых мытных выплатаў, якія павінны былі застацца ў беларускім бюджэце.

Эксперты ацэньваюць дзірку ў беларускім бюджэце мінімум у $ 2 млрд. Таму ўпэўненыя, што $ 110 млн наагул праблему ніяк не вырашаюць. Адносна прычын такой «прагнасці» саюзніцы выказваюцца здагадкі: наяўнасць у РФ вялікай колькасці ўласных эканамічных праблем і невыкананне Менскам раней узятых абавязальніцтваў.

МЯ,  паводле nr2.com.ua

Стужка навінаў