Лукашэнка асудзіў гібрыдныя войны


Лукашэнка ды ас-Сісі.
Фота: president.gov,by

Кіраўнік Беларусі 19 лютага правёў у Каіры перамовы з прэзідэнтам Егіпту Абдэльфатахам ас-Сісі. Пра гэта паведамілі ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнка.

Пасля перамоваў з прэзідэнтам Егіпта кіраўнік Беларусі прывітаў ініцыятыву Каіру адкрыць сваю амбасаду ў Менску ды паабяцаў аказаць падтрыманне «як самай блізкай і добрай дзяржаве». Паводле яго, падыходы абедзвюх краін да асноўных пытанняў міжнароднага парадку супадаюць.

«Мы выступаем за мірнае ўрэгуляванне рэгіянальных канфліктаў, супраць усіх відаў гібрыдных войнаў, а таксама штучнай дэстабілізацыі сітуацыі ў розных краінах», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка ўзнагародзіў прэзідэнта Егіпта ордэнам
2019.06.18 16:03

Ён таксама асудзіў любыя праявы тэрарызму і выказаў поўнае падтрыманне Егіпту ў барацьбе з гэтай пагрозай.

Лукашэнка хоча праз Егіпет увайсці ў Афрыку

Асноўную ўвагу на перамовах кіраўнікі краінаў надалі гандлёва-эканамічным сувязям. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Егіпет вырашылі рабіць стаўку на сумесныя прадпрыемствы. Ужо арганізаваная зборка тэхнікі МАЗ і МТС. У бліжэйшай перспектыве пачнецца выпуск прадукцыі «Бабруйскаграмашу», «Амкадору», рухавікоў Менскага маторнага заводу.

«Перакананы, што развіццё прамысловай кааперацыі цалкам адпавядае інтарэсам дзвюх дзяржаў і дазваляе забяспечыць выхад на рынкі суседніх афрыканскіх краін, што для нас вельмі важна. Дай бог асвоіць стомільённы рынак Егіпта. З Каіру разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку і разглядаем варыянты далейшага сумеснага прасоўвання па кантыненце», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён лічыць перспектыўнай супрацу ў сферы бяспекі і інфармацыйных тэхналогіяў, уключаючы сучасныя сістэмы забеспячэння грамадскай бяспекі. Беларусь гатова пастаўляць у Егіпет найноўшае медычнае абсталяванне ды прадукты харчавання. Таксама Менск зацікаўлены паўдзельнічаць у стварэнні асаблівай эканамічнай зоны Суэцкага канала.

Абдэльфатах ас-Сісі адзначыў, што мае намер сумесна з Беларуссю выходзіць з агульнай прадукцыяй на еўразійскі, арабскі ды афрыканскі рынкі. Ён разлічвае, што гэтаму будзе садзейнічаць стварэнне зоны вольнага гандлю ў Афрыцы і падпісанне пагаднення паміж Егіптам і ЕАЭС.

Па выніках перамоў бакі падпісалі пакет дакументаў. Сярод іх міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацы ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах. Паміж міністэрствамі замежных справаў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні, які прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроўню па пытаннях двухбаковай супрацы ды палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам. Таксама мемарандум аб узаемадзеянні падпісалі Нацыянальны банк Беларусі ды Цэнтральны банк Егіпту.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў