На адкрыцці 3 лініі метро Лукашэнка сказаў, што падняў пенсіі і заклікаў пераходзіць на электратранспарт


Аляксандр Лукашэнка прыехаў на станцыю «Кавальская Слабада». Туды запрасілі некаторых работнікаў метрапалітэна і метрабудаўцаў. Лукашэнку падарылі свой праязны на метро.

Пасажыраў на новыя станцыі метро пакуль не пусцілі. Для іх адкрыццё адбудзецца 7 лістапада ў 12.30. Новая трэцяя ветка пакуль складаецца з чатырох станцый – «Кавальская Слабада», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Вакзальная» і «Юбілейная плошча».

На адкрыцці станцыі «Кавальская слабада» Лукашэнка заявіў, што падпісаў указ аб павышэнні пенсіяў. Кіраўнік краіны адзначыў, што пенсіянеры – гэта святое і іх трэба падтрымліваць у любой сітуацыі, перадае БЕЛТА. Цікава, што мінулае павышэнне пенсіяў адбылося 1 лістапада разам з павышэннем пражыткавага мінімуму.

Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця.
Фота: БЕЛТА

Падчас цырымоніі адкрыцця кіраўнік Менскага гарвыканкаму Уладзімір Кухараў расказаў, што будаўніцтва метро працягнецца ў слуцкім напрамку і працы ўжо пачаліся. У 2023-2024 годзе будова развернецца ў бок макрараёна Зялёны Луг.

Аляксандр Лукашэнка запрапанаваў зрабіць адгалінаванне веткі на поўнач сталіцы, дзе з’явіцца «разумны горад», паведамляе БЕЛТА. На думку кіраўніка краіны, метро трэба пусціць і ў бок Смалявічаў, прычым часткова ў наземным фармаце.

На сустрэчы ў метрапалітэне Лукашэнка выказаўся і пра іншыя віды транспарту. Ён даручыў перавесці сталіцу на электрычныя рухавікі і звярнуць асаблівую ўвагу на трамваі.

«У Менску ад рухавікоў унутранага згарання трэба адыходзіць. Менск трэба спакойна, паступова пераводзіць на электратранспарт, бо травім людзей», – сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адкрывае 3 лінію метро.
Фота: @pul_1

Энергію для электрычных відаў транспарту мае забяспечваць новая АЭС, урачыстае адкрыццё якой плануецца заўтра, 7 лістапада, заявіў Лукашэнка: «Электраэнергіі будзе дастаткова. Нашы пратэстуны плачуць, што няма куды яе падзець. Як гэта, няма куды падзець? Нам яшчэ трэба адну такую станцыю пабудаваць, каб адысці ад залежнасці па вуглевадародах».

Кіраўнік краіны таксама падзякаваў будаўнікам, якіх «не спыніла ні пандэмія, ні заклікі да забастовак».

На адкрыцці Лукашэнку падарылі карысную яму рэч – праязны.

Раніцый падчас руху картэжу Лукашэнкі па Менску на цырымонію адкрыцця станцый метро перакрывалі 4 паласы.



А так менчукі рэагавалі на картэж.

ГБ belsat.eu

 

Стужка навінаў