Лукашэнка абяцае падтрымаць кандыдатаў у дэпутаты, якія выступаюць за незалежнасць


Улады маюць выпрацаваць шэраг крытэраў, паводле якіх дзяржава будзе падтрымліваць кандыдатаў у дэпутаты незалежна ад іх палітычных поглядаў і пераваг, заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 траўня на нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 6-га склікання.

Паводле слоў Лукашэнкі, будуць выпрацаваныя прыкладна 10 крытэраў. У прыватнасці патэнцыйныя дэпутаты павінны прытрымлівацца прынцыпаў незалежнасці дзяржавы. «Ніхто не стане аспрэчваць, што адным з крытэраў будучага кандыдата ў парламент мусіць быць пытанне незалежнасці нашай дзяржавы», – цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.

Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты мусяць выступаць за забеспячэння дабрабыту насельніцтва «без правядзення незразумелых радыкальных шокавых рэформаў». «Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбнае падтрыманне – значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, якім палітычным плыням яны будуць належаць. Галоўнае – каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Ён чарговым разам запатрабаваў правесці парламенцкую кампанію «арганізавана і спакойна», а таксама выказаў свой пункт гледжання на асвятленне выбараў праз медыі, які заключаецца ў тым, што «сакрэтаў ніякіх ні ад каго быць не павінна».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «заканадаўства Беларусі адпавядае міжнародным прынцыпам, улічвае правілы, традыцыі правядзення выбараў, якія склаліся ў краіне». «Мы ўспрымаем гэта як належнае і, адпаведна, маўчым часам. Аднак сціпласці тут быць не павінна, пра гэта трэба гаварыць», – лічыць Лукашэнка.

Прэс-служба нагадвае, што дата парламенцкіх выбараў мае быць абʼяўленая не пазней за 10 чэрвеня, і «адпаведныя рашэнні будуць прынятыя ў тэрмін».

Раней Лукашэнка пагадзіўся з прапановай кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай правесці выбары 11 верасня.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў