Лукашэнка абвінаваціў апанентаў у «каруселях» падчас збору подпісаў і назваў Цапкалу кныром


Тэлеграм-канал «Пул первого» апублікаваў відэа з нарады Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён абвясціў новы склад ураду. На сустрэчы кіраўнік Беларусі гаварыў не толькі пра новых прызначэнцаў, але і пракаментаваў збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах ды праехаўся па сваіх апанентах.

Паводле кіраўніка Беларусі, чэргі на зборах подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў несапраўдныя. Лукашэнка кажа, што на фота з квадракоптэраў можна пабачыць зусім іншую карцінку. Там «усё тыя ж людзі» і «тая ж колькасць», і пратэставага руху ў Беларусі няма, бо ён ствараецца гадамі, а «незадаволеныя былі і будуць заўсёды».

Лукашэнка ўпэўнены, што альтэрнатыўных кандыдатаў фінансуюць расейскія алігархі і яны вядуць да ўлады «адмарожаную, так званую радыкальную, апазіцыю». Пабачыў кіраўнік Беларусі ў зборы подпісаў за ягоных апанентаў «карусель», якая палягае на тым, што подпісы пакідаюць адныя і тыя ж людзі, якіх падвозяць на Камароўку аўтамі.

Hавiны
Ярмошына звярнулася ў СК з просьбай распачаць супраць Ціханоўскага новую крымінальную справу
2020.06.04 12:24

«Гэтыя чэргі – малая беларуская карусель і вялікая, як я яе называю. Сутнасць у тым, што сталі распісаліся, пасля зноў сталі ў чаргу распісаліся. Кіраўнік Менгарвыканкаму заўважыў, як падвозяць людзей на аўтах. Распісаліся, пасадзілі ў аўта, праехаліся па кварталу, і зноў сталі распісаліся… Яны ж разумеюць, што камісія гэта заўважыць. І яны адразу, маўляў, дык мы і не збіраемся ў выбарах удзельнічаць. Нашая галоўная задача – разгайдаць краіну і расчысціць дарогу для кагосьці… Вы ведаеце для каго», – заявіў Лукашэнка, гаворачы пра збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах.

Лукашэнка выказаўся пра кандыдата ў прэзідэнты Валера Цапкалу, які раней кіраваў ПВТ. Паводле яго, Цапкала хавае прычыну, чаму яго звольнілі з працы:

«Я папрасіў расказаць, чаму яго звольнілі, такога вядомага. Дагэтуль не сказаў. Мы чакаем. Прыйдзе час, трэба будзе, – скажам».

Схлусіў Цапкала, паводле галавы Беларусі, і ў тым, за якія грошы вядзе перадвыбарчую кампанію.

«Пытанне, на чые грошы вядзеш кампанію? Дом прадаў. Нават калі дом прадаў, гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб штаб у тысячу чалавек або пяцьсот утрымліваць. Але паглядзіце як прадаў. Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом нейкай кампаніі, яна заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі. Ён, нахабнік, выходзіць чысты і пушысты».

Цапкалу Лукашэнка параўнаў з кныром.

«Ён распавядае, што я спадабаўся ягонай бабулі, бо ведаў, колькі свінаматка можа нарадзіць парсюкоў. Пытанне тады, чым я табе спадабаўся? Чаму ты ад Шушкевіча прыбег да мяне на каленях прасіць? Мы ж гэта не забылі. Я забыў, дык Шэйман усё раскажа. Ён проста не ведае, што колькасць народжаных парсюкоў не залежыць ад свінаматкі і іх колькасці, а яшчэ залежыць ад кныра. І калі кныр будзе такі, як гэты чалавек, то парсюкі будуць мёртванароджаныя. І тое не шмат».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў