Лукашэнка абвесціў перамогу над каронавірусам


Падчас уручэння дзяржаўных узнагародаў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў працу медыкаў, якія паспяхова змагаюцца з каронавіруснай інфекцыяй. На думку Лукашэнкі, Беларусь перамагла каронавірус, піша прэсавая служба кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка падчас уручэння дзяржаўных узнагародаў выказаў меркаванне, што Беларусь прадэманстравала палітычную разважлівасць і народную мудрасць.

«На перадавой праз каронавірусную інфекцыю апынуліся медыкі. Нашая сістэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зніжаем градус барацьбы, хаця ўжо сёння можна сказаць – мы перамаглі. І пасля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі лекарамі, якія сёння ўсё яшчэ на варце», – сказаў кіраўнік краіны.

Акрамя перамогі над заражэннямі каронавірусам кіраўнік краіны абвесціў, што падчас пандэміі кіраўніцтва краіны выратавала і эканоміку і сельскую гаспадарку.

Раней Лукашэнка неаднаразова называў пандэмію каронавірусу каронапсіхозам. Кіраўнік краіны заклікаў не баяцца хваробы, а лячыць яе прапаноўваў трактарам, лазняй. Гэтая пазіцыя выклікала крытыку з боку беларусаў і замежных краінаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў