Лукашэнка абурыўся, што ў юбілей Перамогі Расея прадае Нямеччыне газ па нізкіх цэнах


Падчас сустрэчы з прэмʼер-міністрам Сяргеем Румасам Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму цаны на расейскі газ.

Паводле Лукашэнкі, еўрапейскія краіны купляюць расейскі газ па цане ледзь не ў два разы ніжэй, чым купляе Беларусь.

«Учора я атрымаў інфармацыю, што Расея прадае прыродны газ у Еўропе ў гэты няпросты час да $ 70: $ 65-68, але ніяк не $ 127, як для Беларусі. Якая тут сітуацыя і абстаноўка, на што мы можам разлічваць у будучыні? Я гэтае пытанне закранаў на відэаканферэнцыі ў рамках ЕАЭС, і ў бліжэйшы час у нас адбудзецца ў такім жа фармаце канферэнцыя. Хацелася б ведаць, што да цяперашняга часу зроблена па зніжэнні цаны на прыродны газ для Беларусі», – цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.

«Гэта ж не справа, я ўжо не кажу пра год 75-годдзя (Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. – заўв. belsat.eu), што Германіі прадаюць прыродны газ да $ 70, як у мяне інфармацыя (там па-рознаму было), але ніяк не $ 127, як для Беларусі», – падкрэсліў Лукашэнка.

Hавiны
Румас разлічвае, што Беларусь зможа дамовіцца з Расеяй наконт зніжкі на газ
2020.05.14 12:35
  • Нагадаем, 14 красавіка падчас перамоваў лідараў ЕАЭС у фармаце відэаканферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заклікаў адаптаваць цану на газ да змены эканамічнай кан’юнктуры, якая адбылася ў выніку пандэміі. «Відавочна, што пры такім рэзкай змене эканамічнай канʼюнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў – падʼёмным для спажыўцоў», – падкрэсліў Лукашэнка. Ён у гэтай частцы звярнуўся да прэзідэнта РФ Уладзіміру Пуціну, каб можна было аператыўна разгледзець гэтае пытанне.
  • Каментуючы прапанову Лукашэнкі, у Крамлі заявілі, што пытанне цаны на газ для Беларусі мусіць абмяркоўвацца на ўзроўні экспертаў. Пазней, 29 красавіка, міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак паведаміў, што перагляд цаны паставак газу ў Беларусь на 2020 год не прадугледжваецца. «Мы зыходзім з таго, што ў пачатку года дасягнутыя дамоўленасці па цане на газ для беларускіх спажыўцоў да канца 2020 года», – падкрэсліў ён.
  • Цяпер Беларусь атрымлівае расейскі газ па цане $ 127 за тысячу кубаметраў. З канца 2018 года Лукашэнка патрабаваў ад Расеі зніжкі на газ да ўзроўню Смаленскай вобласці, аднак у Крамлі заяўлялі, што Беларусь не можа на гэта разлічваць без рашэння пытанняў саюзнага будаўніцтва.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў