Лукашэнка аб выбарчай кампаніі: «Галоўнае, каб мы не аддалі краіну разгільдзяям»


Падчас працоўнага візіту ў Горадню ён адзначыў, што пандэмія і выбары скончацца, а «есці нам заўсёды хочацца». А таксама паабяцаў падвысіць заробкі ў два разы, перадае прэс-служба кіраўніка краіны.

Павысіць заробкі ў два разы

Кіраўнік краіны незадаволены заробкамі бюджэтнікаў.

«Гэта не справа, што ў нас лекар, настаўнік, культурніцкія працаўнікі маюць такія нізкія заробкі. Гэта таму што мы ў эканоміцы не вельмі добра працуем», – сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Гарадзенскую вобласць. Крыніца: president.gov.by

І дадаў, што сёлета ў Горадні будуць будаваць новы комплекс азотных угнаенняў. Гэта мусіць узмацніць эканоміку рэгіёна. Наконт выбараў ён таксама параіў не турбавацца, а засяродзіцца на «захаванні краіны».

«Выбары мы правядзем, вы не хвалюйцеся. Што ў нас першыя выбары? Галоўнае, каб мы краіну не згубілі і не аддалі краіну разгільдзяям і тым, хто абяцаюць з верталёту грошы раскідваць: інвестары прыйдуць і нешта прынясуць», – сказаў кіраўнік краіны.

Лукашэнка зазначыў, што такія інвестыцыі Беларусі не патрэбныя.

«Інвестары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць мы не будзем, дайце танную сыравіну, і заробак у людзей будзе па $ 300. То-бок, выцягнуць усё з людзей, з краіны, падаткі не заплацілі, паехалі і прадалі».

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Гарадзенскую вобласць. Крыніца: president.gov.by

Яшчэ адзін са спосабаў падтрымання беларусаў – продаж танных закінутых дамоў у вёсках.

«Пандэмія нас шмат чаму навучыла, і мы ў гэтым сэнсе будзем дзейнічаць. Я хачу, каб вы жылі на сваёй зямлі», – сказаў Лукашэнка.

Галоўнае – убраць ураджай

Адзін з працоўных заводу «Горадня Азот» адзначыў, што сёння выбары ў краіне супадаюць з «не меней важнай падзеяў – уборкаю ўраджаю». Таму ў яго ўзнікла пытанне: ці не зашкодзіць прэзідэнцкая кампанія ўборачнай? У Лукашэнкі знайшоўся адказ.

«Выбары, не выбары: галоўная для мяне і для ўсіх задача, на што я арыентую падначаленых, – гэта ўборка. Пандэмія, выбары – яны скончацца, а есці нам заўсёды хочацца», – заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Гарадзенскую вобласць. Крыніца: president.gov.by

Лукашэнка прыгадаў 90-ыя гады, калі часта ежа была выключна па талонах. Але запэўніў: тыя часы ўжо прайшлі.

«Мы аніколі да гэтага не вернемся. Таму што ўсё, што людзям патрэбна, мы сёння робім па прыстойных коштах», – звярнуў увагу кіраўнік краіны.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў