Лукашэнка аб адстаўцы амбасадара Славаччыны пасля параду: «Гэта ўвогуле міжнародны скандал»


Так ён выказаўся на сустрэчы з амбасадарам Сербіі, перадае «Пул первого».

Падчас сустрэчы з амбасадарам Сербіі Велька Кавачэвічам Лукашэнка закрануў тэму адстаўкі амбасадара Славаччыны пасля ўдзелу ў парадзе 9 траўня.

«У нас з’яўляецца сярод амбасадараў усё больш сапраўдных сяброў. Напэўна, вы ведаеце аб учынку амбасадара са Славаччыны. Гэта быў сапраўды варты ўчынак. Мне, шчыра кажучы, не вельмі зразумелая пазіцыя афіцыйнага славацкага кіраўніцтва, якое нібыта асудзіла гэты ўчынак і адправілі яго ў адстаўку. Гэта ўвогуле міжнародны скандал!», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны адзначыў, што не разумее прэтэнзіяў Братыславы да амбасадара Ёзэфа Мігаша, бо той «вырас у сямʼі сапраўдных патрыётаў, чый айцец змагаўся з нацызмам».

«Калі так адбылося, то трэба проста змаўчаць. А такія заявы, за такія рэчы караць недапушчальна. Тым болей амбасадара Славакіі! Мы ж свае людзі, як так можа быць? Мы ж разам ваявалі супраць нацызму».

Hавiны
Амбасадар Славаччыны ў Беларусі сышоў у адстаўку праз удзел у парадзе
2020.05.14 15:37

Нагадаем, што 9 траўня Ёзэф Мігаш прысутнічаў на парадзе ў Менску. Гэта была ягоная прынцыповая пазіцыя. «Я сын партызана і антыфашыста», – заявіў ён.

Пасля ўдзелу ў парадзе ён падаў у адстаўку, бо парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай МЗС Славаччыны.

Сёлета на парадзе 9 траўня ў Менску ўзялі ўдзел амбасадары толькі дзвюх краінаў ЕЗ: Славаччыны і Венгрыі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў