Лучнік Антон Прылепаў першым з беларусаў пачаў выступ на Алімпіядзе-2016


Пятага жніўня на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра стартавалі мужчынскія асабістыя спаборніцтвы па стральбе з лука.

Кваліфікацыйны старт быў адзначаны новым сусветным і алімпійскім рэкордам. Лучнік з Паўднёвай Карэі Ву Чжын Кім 72 стрэламі зарабіў 700 пунктаў і на адзін бал перавысіў ранейшае вышэйшае сусветнае дасягненне.

Другі вынік у кваліфікацыі паказаў амерыканец Брэйдзі Элісан, у якога 690 балаў. Замкнуў тройку італьянец Давід Паскуалуччы (685). Беларускі спартовец Антон Прылепаў першы этап спаборніцтваў завяршыў з 52-м вынікам, набраўшы 643 пункты.

На старт сёння выйшлі ўсе заяўленыя 64 лучнікі. Ніхто з іх сетку алімпійскага турніру не пакінуў. У кваліфікацыі вызначаліся пары, якія працягнуць барацьбу ў 1/32 фіналу. Фармаванне іх ажыццяўлялася паводле стандартнай схемы, згодна з якой спартовец, які заняў першае месца, далей у дуэльных стартах пазмагаецца з 64-м, другі з 63-м і гэтак далей.

Супернікам Антона Прылепава ў стадыі на выбыванне будзе чылійскі лучнік Рыкарда Сота, які сёння паказаў 13-ты вынік (675 пунктаў).

У мужчынскім асабістым турніры стралкоў з лука спаборніцтвы 1/32 фіналу пачнуцца 8 жніўня. Сустрэча беларуса і чылійца адбудзецца 9 жніўня.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў