Лонданскае ноу-хау: вулічным музыкам можна плаціць карткай


Вулічная музыка патэставала новую сістэму і кажа, што яе заробак павялічыўся.

Мінакі ў брытанскай сталіцы цяпер могуць не толькі кінуць манетку вулічнаму музыку, які ім спадабаўся, але і заплаціць за ягоную працу бескантактнай банкаўскай карткай.

Лондан, сцвярджаюць аўтары новаўвядзення, стаў першым горадам, які ўвёў сістэму бескантактных плацяжоў для вулічных музыкаў.

Праграма запушчаная ў партнёрстве са шведскай кампаніяй «iZettle», якую ў траўні набыў амерыканскі плацежны гігант «PayPal».

Мэр Лондану Садык Хан мяркуе, што цяпер больш лонданцаў змогуць падтрымаць таленавітых вулічных артыстаў. Паводле кіраўніка брытанскай сталіцы, пасля паспяховага тэставання сістэма будзе ўжывацца па ўсім горадзе.

Вулічныя музыкі змогуць выкарыстоўваць кампактныя счытвальныя прылады, злучаныя з мабільнымі тэлефонамі. Плацёжны тэрмінал дазваляе ахвяраваць фіксаваную суму.

Прафесійная вулічная спявачка Шарлат Кэмпбэл удзельнічала ў выпрабаванні сістэмы. Яна кажа, што магчымасць аплаты бескантактнай карткай значна павысіла ейны заробак.

Шарлат Кэмпбэл распавяла, што грошы ёй ахвяравалі больш, чым калісьці. Калі людзі бачылі, як нехта спрабаваў гэтую бескантактную сістэму, да яго тут жа далучаліся іншыя.

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Стужка навінаў