Лондан можа атрымаць ад Бруселю адтэрміноўку на Brexit яшчэ на год


Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск можа прапанаваць Вялікай Брытаніі адтэрмінаваць Brexit да 31 сакавіка 2020 году. Пра гэта паведамляе брытанскі тэлеканал Sky News са спасылкай на заявы Туска, што прагучалі падчас размовы з афіцыйнымі асобамі Еўразвязу.

Паводле інфармацыі тэлеканала, Туск растлумачыў, што адзіным «разумным выхадам» з сітуацыі, калі брытанскі парламент не можа зацвердзіць тэкст пагаднення з ЕЗ, стане адтэрміноўка Brexit на год. У той жа час ён прапанаваў, каб у дамоўленасць па гэтай тэме паміж Лонданам і Бруселем была ўключана пазнака, якая дазваліць Вялікай Брытаніі выйсці з ЕЗ і раней пры ўмове ўзгаднення пагаднення.

Адначасова прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй накіравала Туску ліст з просьбай адкласці выхад краіны з ЕЗ да 30 чэрвеня бягучага году.

Паколькі брытанскі парламент у трэці раз адхіліў праект дамовы, якую Мэй раней узгадніла з еўрапейскімі лідарамі, Лондан, у адпаведнасці з рашэннем папярэдняга саміту краін ЕЗ, да 12 красавіка павінен выйсці з супольнасці без дамовы, калі не прадставіць Бруселю альтэрнатыўных варыянтаў рэалізацыі Brexit. Экстранны саміт ЕЗ, на якім будзе абмяркоўвацца Brexit, запланаваны на 10 красавіка.

Hавiны
Мэй заявіла пра неабходнасць адтэрміноўкі Brexit
2019.04.02 20:36

СК belsat.eu паводле тасс

Стужка навінаў