Лондан і Берлін рэзка асудзілі разгон суботняй акцыі пратэсту ў Маскве


Брытанскі МЗС асудзіў празмернае прымяненне сілы ў суботу супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі ў Маскве. Нямеччына заклікала расейскія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас пратэстаў. Праваабаронцы называюць дзеянні расейскіх сілавікоў абсурднымі, піша Бі-Бі-Сі.

Брытанія: «Расея павінна выконваць свае абязальніцтвы»

МЗС Вялікай Брытаніі заклікаў Маскву выконваць прынятыя Расеяй міжнародныя абязальніцтвы і нормы Рады Еўропы і АБСЕ.

«Мы заклапочаныя затрыманнем 27 ліпеня больш за тысячу ўдзельнікаў пратэсту, у тым ліку журналістаў і вядомых прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама значным ужываннем сілы падчас мірнай дэманстрацыі ў Маскве», – заявілі ў Лондане.

Нямеччына: «Вызваліць затрыманых»

Дзяржміністр ФРГ па справах Еўропы Міхаэль Рот назваў гвалт супраць мірных дэманстрантаў ударам па дэмакратыі і прававой дзяржаве. Дзеянні паліцыі ён назваў жорсткімі.

Прэс-сакратар канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель заклікала расейскія ўлады тэрмінова вызваліць тых, хто быў затрыманы ў суботу ў падчас непрапарцыйна жорсткай, па яе словах, паліцэйскай акцыі.

Amnesty International: «Улады прабілі новае дно»

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International («Міжнародная амністыя») ужо ў суботу ўвечары апублікавала заяву, у якой назвалі дзеянні ўладаў і сілавых органаў абсурднымі.

«Расейскія ўлады прабілі новае дно, уводзячы перад мітынгам пратэсту параўнальныя з ваенным становішчам меры бяспекі, заблакаваўшы доступ да галоўнай вуліцы гораду і абавязаўшы зачыніцца кавярні і крамы нягледзячы на ​​адсутнасць пэўных паведамленняў пра магчымы гвалт», – заявіла Наталля Звягіна, дырэктар прадстаўніцтва Amnesty International у Расеі.

Больш за тысячу затрыманых

27 ліпеня не ўзгодненая з мэрыяй Масквы акцыя за допуск усіх незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадскую думу была жорстка разагнаная сіламі Расгвардыі.

Пракуратура Масквы загадзя абвясціла суботнюю акцыю апазіцыі незаконнай і разаслала персанальныя перасцярогі яе арганізатарам.

Было затрымана больш за 1200 асобаў, некаторыя ўдзельнікі пратэсту атрымалі траўмы.

Hавiны
У Маскве арыштавалі на 8 дзён Аляксандра Салаўёва
2019.07.29 17:11

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў