«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку


Жанчына ў ахоўным строі едзе ў міжнародны аэрапорт імя Джона Кенэдзі. Нью-Йорк, ЗША. 20 сакавіка 2020 года. Фота – Brendan McDermid / Reuters / Forum

ЗША прызначаць каля $ 2 трлн на барацьбу з каронавірусам і эканамічнымі наступствамі эпідэміі каронавірусу. Сродкі атрымаюць шпіталі, бізнес і амерыканскія сем’і, якія пацярпелі ў выніку ўведзенага надзвычайнага становішча. Законапраект, які мае быць прыняты цягам некалькіх дзён, «New York Times» называе найбуйнейшым пакетам бюджэтнай дапамогі ў найноўшай гісторыі ЗША. Сенат і Белы дом дамовіліся аб гэтых захадах праз некалькі гадзін пасля таго, як Сусветная арганізацыя здароўя заявіла, што ЗША ў хуткім часе могуць абыйсці Італію як эпіцэнтр пандэміі. Пра тое, як падчас каранціну амерыканцам дапамагае дзяржава і як яны дапамагаюць адзін другому, «Белсату» распавядаюць беларусы з-за акіяну.

Вольга Чайчыц, журналістка (Сарасота, Флорыда)

Самая напружаная сітуацыя была пасля абвяшчэння Трампам надзвычайнага становішча. У той жа дзень з крамаў усё знікла. Мы не маглі набыць амаль нічога.

Калі пачалася паніка, здаралася, што людзі кідаліся на працаўнікоў крамаў, якія везлі прадукты на цялежках падчас выгрузкі тавару, і збівалі іх з ног. Пасля гэтага крамы пачалі закрывацца на ноч і на пэўны час сярод дня, каб бяспечна запоўніць паліцы.

У наступныя дні харчы сталі падвозіць, але да сёння мяса, крупы і туалетную паперу разбіраюць у першую чаргу. Мяса выдаюць па адным кавалку на чалавека. Яйкі размятаюць адразу як толькі іх прывозяць.

Попыт на харчы застаецца вялікі, паркінгі каля супермаркетаў забітыя машынамі.

Цікава, што людзей у краму запускаюць невялікімі групамі, але на вуліцы яны стаяць у чарзе адзін за адным – ніякай дыстанцыі паміж імі няма. Таму вірус думаю падчапіць там лёгка. Да таго ж стаяць там пераважна пенсіянеры. Наш штат папулярны сярод амерыканцаў у сталым веку, якія пераязджаюць сюды на пенсію: тут добры клімат, добрая экалагічная сітуацыя і мноства забаваў. Іх тут больш чымся ўва ўсіх іншых штатах: выходзіш на вуліцу – толькі пенсіянераў і бачыш.

Тут няма ніякіх прадпрыемстваў, а ўвесь бізнес пабудаваны на турызме і сферы паслугаў. Цяпер гэта ўсё закрыта, а маладыя людзі страчваюць працу.

Закрытыя таксама паркі і пляжы – і людзі рэальна не ідуць туды: за парушэнне рэжыму – грашовы штраф.

Ўэст-Палм-Біч, Флорыда, 24 сакавіка 2020 года. Курорт Мар-а-Лаго, які належыць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, пасля абвяшчэння ўладамі штату каранціну з мэтай спыніць распаўсюд каронавіруснай хваробы. Фота – Carlos Barria / Reuters / Forum

Нікога нідзе няма, пустэча – людзі рэальна сядзяць па дамох. У нашым кам’юніці – гэткім закрытым мікрараёне для ўласнікаў – ніколі не было машын каля дамоў, а цяпер усё застаўлена аўтамі. Цяпер тут гарачыня 30 градусаў, усе суседзі павыносілі на двор басейны для дзяцей – і яны так па дварах і сядзяць, ніхто ні да каго не ходзіць, хаця раней дзеці бегалі адзін да другога.

Я назіраю за тым, што робіцца ў Беларусі, дзе проста зрабілі выгляд, што вірусу быццам няма і ён нас не датычыць. Улады ў ЗША на ўсіх узроўнях вельмі шмат усяго робяць, каб падтрымаць людзей і бізнес. Цяпер вельмі шмат рашэнняў прымаецца не на карысць дзяржавы, а на карысць людзей: аплату падаткаў, напрыклад, перанеслі на 90 дзён, каб бізнес мог утрымацца. Таксама збіраюцца патрымаць тых, хто сядзіць удома на каранціне. Бачна, што прымаюцца розныя захады, каб падтрымаць людзей.

Транспартныя кампаніі робяць усё, каб людзі вярнуліся дахаты – і працуюць цяпер са стратамі. Мой муж днямі ляцеў з Чыкага ў Тампу за $ 15,4, з чаго збор аэрапорту складаў $ 14,9.

Дзяржава абяцае прызначыць сродкі, каб дапамагчы маленькім прыватным рэстарацыям наладзіць сэрвіс «drive through», каб яны маглі выдаваць ежу не кантактуючы – у такім выпадку яны змогуць працаваць далей. «МакДоналдс», «Бургер Кінг» і «KFC» цяпер закрытыя – прычым закрыліся яны самі, а не паводле загаду дзяржавы.

Закрытая рэстарацыя ў Ўэст-Палм-Біч, Флорыда, ЗША, 24 сакавіка 2020 года. Фота – Carlos Barria / Reuters / Forum

Пакуль у дзяцей канікулы, якія і так мусілі быць. З 1 красавіка, калі канікулы скончацца, адукацыя пачнецца онлайн. Дзецям, якія не маюць камп’ютараў, атрымаюць ад дзяржавы «Хромбукі». Да тых, хто не мае інтэрнэту, яго правядуць.

У школах тут бясплатныя сняданкі і танныя абеды – і для многіх дзяцей гэта адзіная магчымасць нармальна харчавацца. Цяпер, калі школы зачыненыя, у горадзе ёсць кропкі, дзе дзеці, у якіх ёсць патрэба, могуць браць ежу. Калі яны не могуць гэтага зрабіць, ежу ім будуць пастаўляць дахаты.

Уладзімір, працаўнік аўтамайстэрні (Філадэльфія, штат Пенсільванія)

Сур’ёзна прыкрываць бізнес пачалі тыдні два таму. Цяпер кожны дзень на афіцыйным сайце штата зʼяўляецца інфармацыя, які бізнес падлягае часоваму закрыцця ў сувязі з эпідэміяй. На які тэрмін – ніхто не ведае. Тым, хто парушае прадпісанні, пагражае пазбаўленне бізнесу.

Адкрытымі застаюцца паслугі, якія лічацца «неабходнымі»: напрыклад, запраўкі. Але нават там, напрыклад, ужо нельга выпіць кавы – усё зачынена. Можна толькі заправіцца і купіць тое, што герметычна запакаваны ў пакеты.

Калі крама раней працавала да дзесятай увечары, то цяпер – толькі да шостай. На касе ўсе ў пальчатках і масках.

Я займаюся рамонтам аўтаў – гэтая сфера таксама ўваходзіць у катэгорыю «неабходных»: людзям трэба чыніць машыны. Але кліентаў стала нашмат менш: калі раней было па 20 машын у дзень, то цяпер – дзве-тры. Наагул, аўтаў на вуліцах стала менш.

Аплата працы ў мяне здзельная – гэта адбіваецца на заробку. Да эпідэміі зарабляў $ 1000 у тыдзень, цяпер выходзіць $ 550–600.

На вуліцах людзей у масках мала, але захварэць баяцца ўсе – асабліва тыя, у каго няма страхоўкі: іх вылечаць, але кошт за гэта будзе іншы, чым у тых, у каго яна ёсць. Таму з працы ўсё адразу спяшаюцца дадому. Зайсці вечарам у нейкі бар – цяпер такога няма.

Сан-Францыска, штат Каліфорнія. Саід Мухамэд, саўладальнік кветкавай крамы, адкрытай у 1978 годзе, ладзіць інвентарызацыю пасля таго, як губернатар Каліфорніі Гэвін Нюсам аб’явіў каранцін і папрасіў жыхароў 40-мільённага штату заставацца ў сваіх дамах, каб спыніць распаўсюд каронавірусу. 24 сакавіка 2020 года. Фота – Shannon Stapleton / Reuters / Forum

Аляксандра, часова беспрацоўная (Каліфорнія)

Паводле стану на 4 сакавіка ў Каліфорніі было 149 выпадкаў захворванняў на COVID-19 і 11 смерцяў ад гэтай хваробы. 16 сакавіка была ўжо 4727 хворых і 92 смяротныя выпадкі.

У той момант ужо была татальная паніка: у крамах людзі змяталі з паліц усё, што добра захоўваецца. Крупы, макароны, кансервы, замарожаныя прадукты, туалетную паперу, мыла, пральныя парашкі. Масак і антысептыкаў ужо немагчыма было знайсці ні ў крамах, ні замовіць онлайн. Сістэма замоваў харчоў праз інтэрнэт ад нагрузкі зламалася ўжо праз некалькі дзён, тэрміны дастаўкі з «Amazon» выраслі ў тры разы.

Дзясятая раніцы на адной з цэнтральных вуліц гораду з насельніцтвам 70 тысячаў чалавек недалёка ад Сан-Францыска, дзе жыве Аляксандра. Фота прадстаўленае гераіняй публікацыі

На наступны дзень абвесцілі поўны каранцін. Адкрытымі засталіся толькі больніцы, аптэкі і буйныя прадуктовыя крамы.

На большасці прадпрыемстваў працаўнікоў, старэйшых за 60 гадоў, адправілі дадому з захаваннем заробку.

Людзям неабходна максімальна заставацца ўдома, выходзячы толькі калі ёсць вострая неабходнасць – за харчамі, у больніцу ці на працу. Можна гуляць з сабакам, дзецьмі, але трымацца на адлегласці больш за два метры ад іншых людзей. Былі гісторыі пра тое, што паліцыянты спыняюць і пытаюцца, куды чалавек ідзе. Два хлопцы атрымалі па $ 400 штрафу кожны, таму што сустрэліся падчас шпацыру і размаўлялі, не трымаючы дыстанцыю.

Спачатку дапамагала тое, што ў нашым горадзе мноства вялікіх паркаў для можна дыхаць паветрам і шпацыраваць самотна, не сустракаючыся з іншымі людзьмі. Але 23 сакавіка ўваходы ў гэтыя паркі таксама закрылі.

Прыемна здзіўляе колькасць дабрыні і павагі навокал: людзі сапраўды трымаюць дыстанцыю, стараюцца сядзець удома, тыя, у каго ёсць магчымасць, прапануюць дапамогу старым, бацькам з маленькімі дзецьмі, прывозяць харчы, гатуюць і гэтак далей.

Абʼява ў ліфце дому, дзе жыве Аляксандра: «Прывітанне, суседзі! У кватэры № 40 жывуць два кіроўцы, якія будуць рады з’ездзіць у краму па харчы для вас, калі вы не хочаце або не можаце выйсці з дому». Фота прадставіла гераіня публікацыі

У лакальных групах у «Фэйсбуку» шмат было прапановаў ад людзей, гатовых дапамагчы як заўгодна і каму заўгодна: напрыклад, паглядзець за маленькімі дзецьмі тых, хто працуе.

Школы зачыненыя. У бліжэйшыя пару тыдняў дзеці будуць вучыцца онлайн, сустракаючыся з класам і сваім выкладчыкам праз дадатак «Zoom».

На гэты момант ва ўсіх шпіталях абмежаваны прыём пацыентаў: можна прызначыць онлайн відэасустрэчу са сваім лекарам або пагутарыць з ім па тэлефоне. Прыйсці асабіста можна толькі па самых неадкладных пытаннях.

У аўторак мне давялося паехаць у шпіталь на планавую неадкладную працэдуру. Акрамя мяне ў калідорах было яшчэ пару чалавек, на падлозе кожныя два метры налепленыя квадраты для захавання дыстанцыі. Пры ўваходзе апытваюць, ці ёсць кашаль, тэмпература, і маеш праблемы з дыханнем. Пасля апрацоўваюць рукі антысептыкам і прапускаюць унутр.

ДД/ДР belsat.eu

Стужка навінаў