«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе

Пустынная плошча Сергеля ў Стакгольме пасля рэкамендацыі шведскага ўрада застацца дома ў сувязі з распаўсюджваннем каронавірусу. 23 сакавіка 2020 года. Фота – Ali Lorestani / TT News Agency / Reuters / Forum

Па стане на 27 сакавіка, у Швецыі афіцыйна зарэгістравана 2806 выпадкаў хворых на COVID-19 – у 30 разоў больш, чым у Беларусі (насельніцтва абедзвюх краін практычна аднолькавае). Скандынавы, аднак, не спяшаюцца прымаць такія ж меры, як у іншых краінах Еўрасаюза, абмежаваўшыся увядзеннем дыстанцыйнага навучання для студэнтаў і вучняў старэйшых класаў, а таксама рэкамендацыяй заставацца дома пенсіянерам, людзям з хранічнымі захворваннямі і ўсім, хто можа працаваць з дому. Беларусы, якія жывуць у Швецыі, распавялі «Белсату», чаго ў гэтай краіне баяцца больш, чым каронавірусу.

Захады, прынятыя ўрадам Швецыі ў барацьбе з каронавірусам – бадай самыя ліберальныя ў Еўрасаюзе: тут усё яшчэ працуюць рэстараны і кінатэатры, да апошняга часу былі дазволеныя мерапрыемствы з удзелам да 500 чалавек: абмежаванне ў 50 чалавек прынялі толькі 27 сакавіка.

Аляксандр Рагачоў, які жыве ў Швецыі ўжо 18 гадоў, кажа, што спектр грамадскай думкі вагаецца цяпер ад прыняцця кітайскага варыянту да «само пройдзе». Медыцына тут бясплатная, але патрапіць у больніцу вельмі складана. Толькі калі паміраеш, дадае ён.

«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку

«Такі падыход у шведскай медыцыне быў заўсёды: калі ў вас грып – лекару нават не тэлефануйце, лечыцеся самі. Калі цяпер усе пачнуць здаваць тэсты на каронавірус, а потым захочуць яшчэ палячыцца і паляжаць у бальніцы – усё хутка загнецца. Урад Швецыі слухае Сусветную арганізацыю здароўя, а таксама тое, што кажуць мясцовыя эпідэміёлагі. У дадзенай сітуацыі гэта працуе. Я не вялікі фанат цяперашняга Кабміна, але ў дадзены момант лічу, што яны ўсё робяць правільна. Жорсткі каранцін сэнсу не мае, калі інфекцыя ўжо распаўсюдзілася па краіне. Цяпер урад імкнецца не загубіць эканоміку, а таксама сістэму аховы здароўя, спрабуючы абараніць толькі людзей з самых вялікіх груп рызыкі. Тэст на каронавірус у Швецыі можна прайсці толькі медперсаналу і тым, у каго сур’ёзныя сімптомы хваробы», – кажа Рагачоў.

У адрозненне ад італьянскай або французскай, шведская армія замест патрулявання вуліц будуе часовыя шпіталі для хворых каронавірусам. Тут – больніца ў Гётэборгу. 24 сакавіка 2020 года. Фота – Adam Ihse / TT News Agency / Reuters / Forum

Пасаду інжынера-распрацоўніка ў ІТ-кампаніі дазваляе мужчыну працаваць з дому ў горадзе Норчэпінг за 170 км на поўдзень ад Стакгольма. Двое ягоных дзяцей працягваюць хадзіць на заняткі. Па рашэнні уладаў, дыстанцыйна ў Швецыі зараз вучацца толькі тыя, хто можа сядзець дома самастойна.

«Школы не зачыняюцца, таму што ніхто не хоча абвалу эканомікі. Калі іх зачыніць, бацькі павінныя сядзець дома. Калі бацькі сядзяць дома – калом становіцца прамысловасць. Не кажучы пра тое, што гэта нагрузка на сацыяльныя службы, сістэму правапарадку і гэтак далей. У школу ходзяць вучні першай і другой ступені, гэта значыць да 9-га класа», – кажа Рагачоў.

Вучняў гэтай узроставай групы адміністрацыі школ просяць заставацца дома толькі ў выпадку прастуды.

«Калі ў маёй дачкі былі соплі – сядзела дома. Гэтым, дарэчы, многія скарысталіся: не хварэлі, але ў школу не хадзілі. На мінулым тыдні з 25 чалавек у класе майго сына было 11. На гэтым тыдні ходзяць ужо 17», – дадае Аляксандр.

«Страцілі вельмі шмат грошай». Як каранцін паўплываў на працу беларусаў за мяжой

Любоў Кунцэвіч, якая працуе кансультантам-лінгвістам у кампаніі, якая выпускае камп’ютарныя праграмы, таксама перайшла на працу з дому. На ўсталяванне працадаўцам неабходнай для гэтага сістэмы пайшоў тыдзень.

«Думала ўжо падавацца на дапамогу па беспрацоўі тут. Але яны памянялі хуценька закон, і мне, як працаўніцы, занятай не на поўную стаўку, такая дапамога, якую раней давалі ўсім, ужо не належыцца. Кампаніі могуць звярнуцца ў фонд дапамогі, каб мне, напрыклад, выплацілі кампенсацыю, але я гэтым не стала займацца. Цяпер працую за камп’ютарам удома. Далёка не ўсім так пашанцавала: авіялініі SAS адправілі дамоў 80 % сваіх людзей. Тое, як збяднелі рэстараны і гатэлі, па тэлевізары паказваюць ледзь не часцей, чымся бедных медсясцёр і хворых. Пытанне: на які час ва ўладаў хопіць грошай, каб дапамагаць беспрацоўным, а таксама кампаніям, каб тыя не збанкрутавалі?» – кажа дзяўчына.

Адзін з пабаў ў Стакгольме 23 сакавіка 2020 года. Бары і рэстараны ў Швецыі працягваюць працаваць, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу. Фота – TT News Agency / Reuters / Forum

Паводле нашых суразмоўцаў, з пачатку эпідэміі рэстарацыі страцілі каля 75 % кліентаў, а шведскія працадаўцы адправілі ў бестэрміновы і неаплатны «адпачынак» больш за дзесяць тысяч чалавек – у асноўным, занятых у прамысловасці і авіяперавозках. Працадаўцы спадзяюцца потым вярнуць гэты персанал назад. На думку Любові, многія з гэтых людзей зараз паспрабуюць стаць студэнтамі.

«Мне здаецца, многія пабягуць на вучобу: яна тут для ўсіх бясплатная і стыпендыю нядрэнную можна атрымліваць. Праўда, яе часткова даюць як крэдыт пад маленькі працэнт, але выплачваць вельмі лёгка. Я вось запісалася на два дыстанцыйныя курсы – буду збіраць на чорны дзень», – дадае дзяўчына.

«Чорным днём» у барацьбе з эпідэміяй у Швецыі стаў аўторак.

«Пасля таго як 25 сакавіка памерла адразу 18 чалавек за адзін дзень, усіх, хто звязаны з медыцынай, выклікалі ў больніцы – уключаючы пенсіянераў, хоць яны ў групе рызыкі. Таце майго хлопца 74 гады, ён агульны лекар у маленькім гарадку – і яго ўсё роўна папрасілі выйсці на працу», – распавядае дзяўчына.

Мужчына мые машыну таксі ў цэнтры Стакгольма ў якасці меры засцярогі для прадухілення распаўсюджвання каронавірусу. 24 сакавіка 2020 года. Фота – Anders Wiklund / TT News Agency / Forum

Шведаў не трэба палохаць штрафамі

У дачыненні да астатніх пенсіянераў стратэгія Міністэрства аховы здароўя пабудаваная на іх максімальнай ізаляцыі. Справіцца з ёй шведам нашмат прасцей, чымся іншым еўрапейцам у сілу геаграфічных адрозненняў і асаблівасцяў нацыянальнага характару.

Па-першае, тут не прынята жыць разам з пажылымі бацькамі. Адпаведна, у бабуль і дзядуляў памяншаецца рызыка падхапіць вірус ад унукаў, якія могуць хварэць на COVID-19 без сімптомаў.

Па-другое, пры колькасці насельніцтва як у Беларусі, гэтая краіна ў два разы больш нашай. Шчыльнасць насельніцтва Швецыі меншая за італьянскую ў дзесяць разоў.

Па-трэцяе, паводле нашых суразмоўцаў, шведаў не трэба палохаць штрафамі, каб яны не збіраліся вялікімі групамі. Пенсіянеры тут дысцыплінавана выконваюць рэкамендацыі ўраду сядзець дома, выходзячы толькі ў крамы.

Калі сям’я Аляксандра Рагачова прапанавала суседзям-пенсіянерам дапамогу ў куплі ежы, тыя прапановай гэтак і не скарысталіся. Але ў якасці падзякі звязалі ў адказ прыхваткі для гарачага.

«Спраўляюцца самі, – кажа Аляксандр. – Селі на машыну, з’ездзілі ў краму, купілі ежы, прыгатавалі. Акрамя гэтага, тут ёсць шматлікія сацыяльныя службы, якія могуць дапамагчы з дастаўкай ежы – яны цяпер працуюць на 120 %», – распавядае Аляксандр.

Кур’ер дастаўляе пакупкі жыхарам Стакгольму падчас эпідэміі каронавірусу. 21 сакавіка 2020 года. Фота – Anders Wiklund / TT News Agency / Reuters / Forum

Праўда, такая дысцыплінаванасць характэрная толькі для «шведскіх» шведаў, адзначае ён.

Пра адрозненні паміж «шведскімі» і нешведскімі «шведамі» «Белсату» распавяла Наталля, якая працуе памочнікам бухгалтара ў адным са стакгольмскіх агенцтваў перакладаў.

«Калі ў рэгіёне Сконе [лен на поўдні Швецыі. – Заўв. «Белсат»] пачалі паміраць першыя людзі, медыі пісалі пра іх пайменна: напрыклад, «Марыя Брыт, 68 гадоў, ніякіх праблем са здароўем». Гэтак жа пісалі пра наступныя ахвяры. Калі на мінулым тыдні памёр самаліец, а ўслед за імі яшчэ некалькі, у газетах пісалі, што «памерлі шведскія самалійцы». Ні імя, ні чым яны займаліся, ні колькі ім было гадоў. Дапаўненні да артыкулаў з’явіліся толькі калі імігранты сталі абурацца з гэтай нагоды», – адзначае Наталля.

Стуртор’ет (Вялікая плошча) у Мальмё 18 сакавіка 2020 года. Фота – Johan Nilsson / TT News Agency / Forum

Горыч у саміх шведаў, па словах дзяўчыны, выклікала прыпыненне спартыўных мерапрыемстваў. З асаблівай болем яны ўспрынялі адмену чэмпіянату свету па хакеі, які павінен быў прайсці ў траўні ў Даніі.

«Яны сумуюць, практычна плачуць, – кажа Наталля. – Цяпер спыніліся ўсе спаборніцтвы: няма ні хакею, ні футболу, ні біятлону. Муж маёй сястры кажа, што цяпер застаецца толькі есці, спаць і працаваць», – дадае яна.

Падчас эпідэміі шведы гэтак і не закрылі лыжныя курорты на поўначы краіны: эпідэміёлагі лічаць, што заразіцца ў бары або ліфце нашмат прасцей, чымся падчас катання на лыжах. А ў працу шведскага санэпіду ўрад ўмяшацца не можа, адзначае ў гутарцы з газетай «Выборча» рэпарцёр Мацей Зарэмба-Бяляўскі, які жыве ў Швецыі: дзяржаўныя ведамствы тут нашмат больш незалежныя, чымсьці ў іншых краінах.

«Гэта азначае, што ў барацьбе з эпідэміяй адсутнічае палітыка, а выконваюцца толькі рэкамендацыі спецыялістаў. У гэтай сітуацыі няма ніякай магчымасці згуляць на публіку якім-небудзь закрыццём межаў», – кажа Зарэмба-Бяляўскі.

Салдаты будуюць палявы шпіталь на тэрыторыі выставачнага цэнтра Stockholmsmässan на поўдні Стакгольма. 26 сакавіка 2020 года. Ён стане дадатковай прасторай для інтэнсіўнай тэрапіі пацыентаў з COVID-19, калі гэта будзе неабходна. Фота – Jonas Ekstromer / TT News Agency / Forum

«Калі паглядзець на графікі росту колькасці тых, хто захварэў у розных краінах, то яны больш-менш аднолькавыя – незалежна ад таго, закрыта або адкрыта краіна. Урад прыме меры ў тым выпадку, калі ў гэтым трэндзе адбудуцца змены», – дадае Аляксандр Рагачоў.

Паводле афіцыйных дадзеных, прырост хворых на гэтым тыдні запаволіўся, але пасля таго, як у пятніцу ад каронавірусу памёр 92-і пацыент, кіраўнік Нацыянальнага савету па ахове здароўя Ёхана Сандвал заявіла пра магчымае пашырэнне захадаў па барацьбе з эпідэміяй.

ДД/ДР/АА belsat.eu

Hавiны