ЛНР і ДНР распавялі, як правядуць парады Перамогі


У самаабвешчаных ЛНР і ДНР праходзяць рэпетыцыі парадаў Перамогі. Міністэрства абароны ДНР рапартуе, што нашылі шмат новай параднай формы і сабралі вайсковую тэхніку.

Па дадзеных Міністэрства абароны, у гэтым годзе ў парадзе прымуць удзел больш за 1500 чалавек асабовага складу і больш за 70 адзінак сучаснай баявой тэхнікі і часоў ВАВ.

«Нам трэба раўняцца на старшага брата, на Расею. Яны з года ў год праводзяць парад настолькі калярова, ну, мы не можам упасці тварам у бруд. Усё ж такі нас глядзяць сотні тысячаў, мільёны людзей», – сказаў міністр абароны самаабвешчанай ДНР.

У Данецку яшчэ некалькі месяцаў таму пачалі рыхтаваць тэхніку да парада. 17 красавіка ўзброеныя сілы Украіны падчас абстрэлу пашкодзілі адзін з танкаў. Што праўда, у ДНР сцвярджаюць, што яны ўжо паспелі яго аднавіць.

Таксама паведамляецца, што ў парадзе прымуць удзел прадстаўнікі іншых краінаў, толькі не ўдакладняецца якіх менавіта. Хутчэй за ўсё гэта будуць прадстаўнікі такіх жа непрызнаных рэспублік. Нагадаем, што ніводная з краінаў ААН не прызнала ані ЛНР, ані ДНР.

У мінулым годзе падчас святкавання Дня Перамогі ў ДНР прайшла акцыя «Бяссмертны полк». Падобныя акцыі праводзяцца на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, сутнасць у тым, што людзі нясуць у руках партрэты сваякоў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. У ДНР жа сярод фотаздымкаў былі і партрэты баевікоў Арсэна Паўлава («Матарола») і Міхаіла Талстых («Гіві»). На што хопіць фантазіі ў гэтым годзе, пабачым ужо 9 траўня.

Фота: REUTERS / Alexander Ermochenko / FORUM

Глядзі таксама
Каментары