«ЛНР» і «ДНР» неабходна распусціць, – Дзярждэп ЗША


15 верасня 2017 года. Вайсковыя вучэнні ДНР і ЛНР пад Данецкам. Фота – Alexander Ermochenko/Reuters/Forum

ЗША асудзілі фіктыўныя «выбары» на кантраляванай Расеяй тэрыторыі Данбасу, назваўшы іх «фарсам» і парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Злучаныя Штаты далучаюцца да еўрапейскіх хаўруснікаў і асуджаюць фіктыўныя «выбары» 11 лістапада на кантраляванай Расеяй тэрыторыі ўсходняй Украіны», – адзначаецца ў заяве.

Прадстаўнік Дзярждэпу Хізэр Науэрт заявіла, што «ЛНР» і «ДНР» няма месца ў Менскіх дамоўленасцях, або ў канстытуцыйным кіраванні Украіны і «іх трэба распусціць, як і незаконныя ўзброеныя фармаванні».

У Дзярждэпе лічаць, што рэакцыя міжнароднай супольнасці стала адназначнай і, калі Расея спадзявалася гэтымі выбарамі надаць міжнароднае значэнне «ДНР» і «ЛНР», то гэтыя разлікі не апраўдаліся.

«Мы працягнем уводзіць звязаныя з Украінай санкцыі супраць Расеі да таго часу, пакуль Масква ў поўнай меры ўвасобіць Менскія дамоўленасці і верне кантроль над Крымам Украіне», – таксама гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, прарасейскія баевікі правялі «выбары» на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей 11 лістапада. Паводле расейскіх СМІ, яўка склала 77%, а больш за 60% галасоў атрымаў Дзяніс Пушылін, цяперашні кіраўнік так званай ДНР. Памочнік Пуціна Уладзіслаў Суркоў накіраваў яму свае «віншаванні з перамогай».

Як заявіў раней кіраўнік СБУ Васіль Грыцак, вынікі «выбараў» былі вядомыя загадзя і «намаляваныя ў адміністрацыі прэзідэнта Расеі».

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары